Горад Высокае ў Брэсцкай вобласці лёгка мог бы паспаборнічаць у турыстычным патэнцыяле з Косава ці нават Нясвіжам. Вы здзівіцеся, але тут у свой час таксама знаходзіўся сапраўдны замак, узведзены яшчэ ў другой палове 17 стагоддзя пры Сапегах. Нажаль, сёння ад былога абарончага збудавання захаваліся толькі руіны брамы і земляныя ўмацаванні.
Высокае ў 1647 годзе выкупіў Павел Ян Сапега. Пры ім пачалося фармаванне будучай крэпасці, а ўжо будаўніцтва працягнуў яго сын. Замак першапачаткова будаваўся як абарончы пункт, акружанай ракой і здольны вытрымаць аблогу. Аднак многія пабудовы крэпасці былі выкананы з дрэва, за выключэннем уязной брамы. Пасля моцнага пажару ў 1748 годзе, які знішчыў частку замка, Сапегі перамясцілі сваю радавую рэзідэнцыю ў Слонім.
Пасля гэтай падзеі, Высокаўскі замак не закінулі, а нават часткова аднавілі і абнавілі. На малюнку Напалеона Орды, добра відаць што на канец 19 стагоддзі, брама цалкам цэлая. Менавіта гэты будынак пасля і будуць лічыць замкам у Высокім (што не зусім дакладна, сам замак быў на месцы стадыёна).
Брама першапачаткова была двухпавярховая, памерамі каля 20 на 13 метраў, з трыма варотамі і пад'ёмным механізмам дзеля мастка. Паабапал брамы стаялі круглыя вежы і каравульныя памяшканні.
У 1816 годзе ў Высокім будуецца палац Патоцкіх, які ў далейшым забярэ на сябе дамінуючае становішча ў забудове горада і парка
20 стагоддзе для былога замка Сапегаў не абяцала нічога добрага. Брама актыўна разбуралася і напрыканцы 90-х ужо нагадвала разваліны, у якіх складана пазнаць будынак з малюнка Орды.
Улетку 2014 года адбылася кансервацыя руін, - гэта павінна дапамагчы захаваць старадаўні помнік архітэктуры да лепшых часоў.
Знайсці месца, дзе стаяў замак, не складзе працы. Брама знаходзіцца ў цэнтральнай частцы парка, сюды вядуць усе дарожкі і сцяжынкі.
У Высокім яшчэ можна наведаць Траецкі касцёл і былы манастыр баніфратаў, гэтыя будынкі адносяцца да другой паловы 18 стагоддзя. Таксама паглядзіце і іншыя замкі Беларусі.