Забрэззе мае багатую і цікавую гісторыю, якая пачынаецца ў першай палове 15 стагоддзі. Гэтае мястэчка належала многім відным родам: Забярэзінскім, Дарагастайскім, Збаражскім, а пазнейшая гісторыя звязана ўжо з Некрашэвічамі, ад якіх тут захавалася цікавая пабудова стайні (частка сядзібы "Вялікі двор").
У свой час сядзіба ў Забрэззе была ўзорным сельскагаспадарчым угоддзем, у кнізе Янкоўскага мястэчка нават называецца "Залатым яблыкам". Пасля заканчэння вайны на базе сядзібнага комплексу арганізавалі калгас "Новае жыццё", затым старажытныя пабудовы патрапілі на баланс ААТ "Лоск".
Стайня складаецца з двух частак - левая ўяўляе сабой драўляны свіран з некалькімі калонамі.
Правая частка выканана з чырвонай цэглы і дробнага бутавага каменя.
Нягледзячы на тое, што стан былой сядзібы сумны, стайня выглядае цікава і прыемна здзіўляе сваёй архітэктурай.
На жаль не захаваліся старыя здымкі і амаль няма інфармацыі пра сядзібны дом Некрашэвічаў. Хутчэй за ўсё драўляны дом проста разабралі.
Каталіцкі прыход у Забрэззе з'явіўся пры Забярэзінскіх у 40-ых гадах, 15 стагоддзя, аднак той першы драўляны храм быў цалкам спалены падчас вайны 1654 года. Праз 14 гадоў касцёл адбудавалі і, відаць, ён прастаяў да другой паловы 19 стагоддзя. На тым жа месцы, але ўжо ў канцы 19 стагоддзі, узвядуць новы Траецкі храм, па ўспамінах мясцовых, будынак заставаўся цэлым да 50-ых гадоў. Цяпер на касцёльным месцы размяшчаецца крама.
Захаваўся стары здымак Яна Балзункевіча, які дае ўяўленне аб архітэктуры касцёла. Вакол храма былі і каталіцкія могілкі, што дзіўна, нават сёння можна знайсці некалькі старых надмагільных пліт, якія сіратліва ляжаць каля сцен крамы. У 2000-ых гадах, ужо на зусім новым месцы, пабудаваны цагляны касцёл Святой Тройцы. Цікаўны факт, у гэты храм перавезлі звон з драўлянага храма, які амаль 40 гадоў праляжаў у зямлі.
Ніжэй кропка з размяшчэннем стайні Некрашэвічаў:
Калі будзеце ў гэтых краях, то рэкамендую з'ездзіць у вёску Лоск, дзе можна ўбачыць драўляны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса.