Горад Валожын, для неспрактыкаваных турыстаў, не з'яўляецца цікавым, але гэта дарма, тут хапае годных славутасцяў. Так у самым цэнтры, на вуліцы Савецкай, па суседстве з Канстанціна-Яленінскай царквой, размясціўся касцёл святога Юзафа.
Гісторыя касцёла ў Валожыне
Яшчэ ў сярэдзіне 17 стагоддзя, на месцы сучаснага храма, быў пабудаваны драўляны касцёл пры кляштары бернардынцаў. Аднак моцны пажар разбурыў пабудову амаль поўнасцю. Доўгі час узвядзенне новага будынка адкладвалася. Працы пачаліся ў першай палове 19 стагоддзі, а першы камень закладзены 10 сакавіка 1806 года дзякуючы графу Юзэфу Тышкевічу.
Праўда сам граф не паспеў убачыць урачыстае асвячэнне касцёла, будаўніцтва заканчвалі ўжо пры яго сыне Міхасю. Ёсць здагадка, што архітэктарам гэтага храма з'яўляецца Аўгуст Касакоўскі, які цесна супрацоўнічаў з Тышкевічамі і працаваў над іх палацам у Валожыне. Дарэчы па праекце Касакоўскага пабудаваны даволі падобны касцёл у Астраўце.
Па суседстве з касцёлам у 1830 годзе ўзведзена брама-званіца. Як і сам касцёл, брама выканана часткова з бутавага каменя (ніжні ўзровень) і цэглы. Архітэктура ўсяго комплексу - гэта яркі прыклад стылю класіцызм.
У Валожынскім касцёле, пад хорамі, знаходзіўся магільны склеп роду Тышкевічаў. Тут жа пахаваны і фундатар храма - граф Юзэф Тышкевіч.
У другой палове 19 стагоддзя каталіцкая парафія і кляштар бернардынцаў былі зачыненыя, а касцёл пераўтвораны ў праваслаўную царкву Святога праведнага Язэпа. Значных перабудоў будынка ў той перыяд не рабілі. Ізноў пераасвяцілі храм у каталіцкі толькі ў 1919 годзе.
Як і многія славутасці Беларусі ў цэлым, у гады Другой сусветнай вайны касцёл у Валожыне моцна пацярпеў і патрабаваў значнага рамонту. У часы савецкай улады ў храме размяшчаліся і памяшканні склада, і цэх вытворчасці жалезабетону, а нейкі час касцёл проста пуставаў.
Валожынскі касцёл сёння
У 1991 годзе было прынята рашэнне аб аднаўленні і рэканструкцыі касцёла святога Іосіфа. З таго часу і дагэтуль дзверы храма адчынены для каталікоў і турыстаў.
Сучаснае аблічча храма ў Валожыне прыемна радуе сваёй архітэктурай і дагледжанай тэрыторыяй. Галоўны фасад гэтага класічнага збудавання вянчае порцік дарыйскага ордэра на 6 калонах.
У кожнай нішы порціка па задумцы павінны знаходзіцца скульптуры евангелістаў. Інтэр'ер касцёла ўключае некалькі алтароў і арган.
Знаходзіцца гэта славутасць Валожына ў самым цэнтры горада, ніжэй кропка на мапе:
Недалёка ад Валожына ёсць цікавая вёска Вішнева. У ёй можна паглядзець старажытны касцёл, царкву і руіны сядзібы Адравонж.