Адна з незвычайных славутасцяў Міёрскага раёна - гэта вадаспад на рацэ Вята. Бліжэйшыя да яго населеныя пункты - вёска Міжрэчча, Пруднікі и Суромшчына. Сёння гэтае месца ўжо стала папулярным турыстычным аб'ектам, асабліва ў летні час. Таксама сюды часта зазіраюць экскурсійныя групы ў дадатак да паездкі ў заказнік Ельня.
Вяткаўскі вадаспад – рукатворны і ствараўся цалкам з канкрэтнай прамысловай мэтай. Сама ж гідраэлектрастанцыя будавалася для падачы электраэнергіі на фабрыку па вытворчасці кардону і паперы, руіны якой віднеюцца каля ракі.
Пра гэтую фабрыку вядома няшмат, але пабудаваў яе відавочна нейкі заможны землеўладальнік таго часу. На старых картах можна знайсці адзнакі двух маёнткаў каля вадаспаду. Першая - гэта сядзіба Устжэж у пары кіламетраў па рацэ ўніз. Другая кропка ўжо буйнейшая, фабрычнае селішча, – Мендзыжэч (Міжрэчча), знаходзілася якраз на гэтым месцы.
Мендзыжэч – старажытны фальварак, якім валодалі яшчэ Сапегі з Друйскага замка. Затым землі прададзены Мірскім, якія пабудавалі тут сядзібу, а ўжо пасля роду Аскеркі, бліжэй да канца 19 стагоддзя.
Даволі цікава, што прадстаўнікі Аскеркаў больш жылі ва ўсходняй частцы Беларусі (фамільны маёнтак Рудакоў, Нароўля, Мазыр, Хойнікі), але адзін чалавек з гэтага роду свае апошнія гады жыцця якраз правёў у Віцебскай вобласці – Аляксандр. Цалкам магчыма, што менавіта ён і адказны за будаўніцтва папяровай фабрыкі і гідраэлектрастанцыі.
Праўда акрамя ўспамінаў мясцовых аб тым, што нейкі пан Альгерд Аскерка (такога ў спісах прадстаўнікоў гэтага роду не знайшоў) пабудаваў станцыю - пацверджанняў то асоба і няма.
Пасля таго як гідраэлектрастанцыю і фабрыку зачынілі, нейкі час тут працаваў млын. Бліжэй да 60-х гадоў мінулага стагоддзя яго разабралі. Вёска і фальварак Міжрэчча да таго часу ўжо амаль апусцелі.
Зараз Вяцкі вадаспад перажывае сваё другое нараджэнне. Месца крыху акультурылі: зрабілі невялікі пляж і пірс, усталявалі туалет, пабудавалі альтанку, рэгулярна прыбіраюць смецце.
Да вадаспаду вядуць 2 дарогі, абедзве жвіровыя і ў дрэннае надвор'е даволі моцна размываюцца. Навігатар па змаўчанні павядзе праз вёску Суромшчына, з'езд адразу за касцёлам у Ідолце.
У дадатак да маршруту можна дадаць яшчэ закінутую сядзібу Рудніцкіх у Асада-Дзедзіна і неагатычны касцёл у Мёрах.
*У тэксте выкарыстаны матэрыялы з працы Ф. Сіўко “Што раней было” 2022 год – с. 4-32