Верцялішкі - адзін з самых вялікіх па колькасці жыхароў аграгарадкоў Гродзенскай вобласці. Акрамя акуратных вуліц і даволі вядомага прадпрыемства СВК "Прагрэс-Верцялішкі" тут можна паглядзець шэраг славутасцяў: сучасны касцёл Святой Сям'і і таксама царкву сярэдзіны 19 стагоддзя.
Неагатычны касцёл скончылі будаваць зусім нядаўна - у 2022 годзе, ён размяшчаецца ў самым канцы вуліцы Савецкая. Храм чымсьці нагадвае тыпавыя рэлігійныя каталіцкія пабудовы першай паловы 20 стагоддзя: адна вежа, арачныя вокны і нішы, чырвоная цэгла.
Гісторыя царквы Аляксандра Неўскага цікавейшая. Храм пачалі будаваць у 1843 годзе на месцы драўлянага папярэдніка (магчыма касцёла). Працы завяршылі праз 11 гадоў, на той момант Верцялішкі належалі прадстаўнікам роду Біспінгаў, якія верагодна і праспансавалі фінальныя этапы будаўніцтва.
Гэтая царква відавочны прыклад класічнай архітэктуры. Фасад вылучаецца масіўным шасцікалонным порцікам, які завяршаецца трохкутным франтонам з вежай. За праект храма адказваў архітэктар Якаў Марціновіч Фардон, ён жа дарэчы прыклаў руку і да брэсцкага касцёла Святога Крыжа.
Пасля рэвалюцыі 1917 года былі спробы знесці царкву, аднак храм змаглі абараніць мясцовыя жыхары, якія нават аднавілі вежу-званіцу. Цікаўна, што драўляную вежку на даху зусім нядаўна перабудавалі з камені, а востраканечны шпіль замянілі на больш праваслаўны купал. Царква знаходзіцца на вуліцы Аляксандра Дубко, ніжэй кропка з пазнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то абавязкова з'ездзіце ў Гродна, у дадатак да класічных славутасцяў прапаную невялікі спіс незвычайных месцаў горада на Нёмане.