Маёнтак Савічы належаў роду Вайніловічаў амаль 2,5 стагоддзя, пачынаючы яшчэ з 1662 года. Калісьці гэта былі багатыя землі з выдатнай гаспадаркай, палацам, броварам і вядома пейзажным паркам. Сёння пра тыя далёкія часы ўжо нічога не нагадвае. Праўда, калі ўважліва даследаваць вёску Савічы і палі вакол, то мімалётна магчыма ўлавіць старадаўнюю атмасферу гэтага месца.

Пачаць варта з кургана-пахавальні Вайніловічаў, дзе былі пахаваны многія прадстаўнікі гэтага шляхетнага роду. Дарогі да кургана няма, ён знаходзіцца ў чыстым полі, таму раю абраць для паездкі альбо марозны дзень, альбо спякотны і сухі, – ісці давядзецца пешшу.
Цікава, што Вайніловічы з Савічаў не будавалі ніякіх капліц ці хаця б крыпту (як іх родзічы з Макран), а хавалі па старых традыцыях і абрадах.
Два крыжы, праваслаўны і каталіцкі, усталяваны і асветлены ўжо бліжэй да 2017 года, калі курган акультурылі.
Прыкладна ў той жа перыяд з'явіўся камень у гонар Эдварда Вайніловіча, які завяшчаў быць пахаваным у Савічах, на кургане продкаў.
Аднак гэтую просьбу так і не змаглі здейсніць, Эдвард Адамавіч памёр у горадзе Быдгашч у 1928 годзе.
Па згодзе ўладаў Польшчы і Беларусі, а таксама пры адабрэнні царквы, астанкі перавезены ў Мінск і ўрачыста перапахаваны каля касцёла святога Сімяона і Алены (фундатарам якога ён і з'яўляўся) у 2006 годзе. Цікаўна, што ў сталіцы магла нават з'явіцца вуліца ў гонар гэтага грамадскага дзеяча.


Старадаўняя шыльда (дакладней надмагільная пліта) на здымку ніжэй знайшлася ўсяго толькі некалькі гадоў таму ў агародзе аднаго з жыхароў аграгарадка Цімкавічы. На ёй надпіс “Antoni Syn Adama. Marszalek powiаtu Sluckіеgour 1773 R» (Антоній сын Адама, Маршалак Слуцкі 1773 год).
Калі з курганам усё зразумела, то знайсці месца дзе стаяў палац у Савічах - будзе складана, бо аніякіх арыенціраў на мясцовасці не захавалася. У пошуках могуць дапамагчы толькі старыя карты раёна.
Двухпавярховы палац класічнай архітэктуры пабудаваны ў першай палове 19 стагоддзя, на месцы старой драўлянай сядзібы. Вонкава выглядаў досыць сціпла, затое меў развіты пейзажны парк і багатае ўнутранае ўбранне.

На тэрыторыі палацавага комплексу размяшчаліся розныя гаспадарчыя пабудовы: свіран, стайня, флігель для слуг і будынак спіртзавода, руіны якога можна ўбачыць і сёння.
Галоўны фасад палаца вылучаўся порцікам з 3 аркамі і класічным франтонам. Увагу на здымку прыцягваюць своеасаблівыя контрфорсы, уласцівыя больш гатычнай і неагатычнай архітэктуры. Іх прызначэнне не дэкаратыўнае, а цалкам практычнае - устаноўлены з мэтай умацавання падмуркі палаца.

Нягледзячы на ўсе выклікі гісторыі, Вайніловічы працягвалі пашыраць і ўмацоўваць свае ўладанні. Былі апасенні, што пасля паражэння паўстання 1863 года маёнтак канфіскуюць, але гэтага не адбылося.

Сапраўдная бяда прыйшла ў 1918 годзе, але яе прадвеснік быў бачны і раней, яшчэ ў пачатку Першай сусветнай вайны. Адступаючыя салдаты і заўзятыя сяляне-бальшавікі з вёскі Савічы поўнасцю разрабавалі палац.
Эдвард Вайніловіч тады цудам выратаваўся, але вярнуўшыся ў дом сваіх продкаў быў маральна знішчаны. Тыя самыя вясковыя з якімі ён вырас і правёў усё сваё жыццё - разбурылі яго дом. Асабліва балюча было ўбачыць спаленую бібліятэку, дзе захоўваўся архіў з сямейнымі запісамі за апошнія 300 гадоў.
У 1920 годзе Вайніловічы пакінулі Савічы, ратуючыся ад наступу Чырвонай арміі, праўда ўсё яшчэ спадзеючыся неўзабаве павярнуцца.
Літаральна праз год быў падпісан мірны дагавор з абазначэннем новых савецка-польскіх межаў. Гэтая дамова паставіла крыж на планах Вайніловічаў – іх родныя Савічы застаюцца за бальшавікамі.

На свой страх і рызыку Эдвард Вайніловіч вырашае пабачыць родны кут ў апошні раз. У Савічах ён прабудзе усяго пару гадзін, спрабуючы зразумець тое што адбываецца. На той момант, 1921 год, палац ужо быў цалкам разрабаваны, бровар спалены, а парк з векавымі дрэвамі высякаўся на яго вачах.
Царкву, якая знаходзілась на ўскрайку вёскі, закрылі ў 1930 годзе і пачалі выкарыстоўваць пад патрэбы мясцовага калгаса як склад.

У 90-ыя руіны гэтага храма разабралі, зараз на тым месцы ўсталяваны памятны крыж.
Сама вёска Савічы, Капыльскага раёна, сёння выглядае даволі сумна: шмат занядбанных і згарэлых хат, але наведаць гэтае месца раю. Машыну пакінуць можна каля руін бровара і паспрабаваць прайсці да кургана Вайніловічаў, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то зазірніце ў Капыль і невялікую вёску Сунаі, дзе была сядзіба роду Ёдка .