Вёска Вялікі Двор знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне, Мінскай вобласці. Удалае знаходжанне магло б забяспечыць гэтаму месцу пэўны наплыў турыстаў (побач траса М1 і папулярны Нясвіж). Да таго ж у Вялікім Двары захавалася даволі цікавая сядзіба, якая належала роду Брахоцкіх.
Да Брахоцкіх, калі гэтае месца яшчэ называлася Гарадзея ім валодалі Радзівілы (прыкладна з пачатку 16 да канца 18 стагоддзі). Затым землі прадалі Мітарноўскім, якія ў сваю чаргу перапрадалі іх Брахоцкім (арыентыровачна 1818). У гэты час і пачынаецца будаўніцтва мураванай сядзібы.
Архітэктура будынка - гэта чысты класіцызм. Падобныя маёнткі можна сустрэць па ўсёй краіне. Акрамя панскага дома, былі ўзведзены і розныя гаспадарчыя пабудовы, некаторыя захаваліся да нашых дзён, але ў выглядзе руін.
У 1890 годзе, ад Брахоцкіх сядзіба перайшла да Святаполк-Мірскіх, тагачасных уладальнікаў замка ў Міры. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў будынку размясціўся вайсковы шпіталь. За час баявых дзеянняў былі разбураны некаторыя гаспадарчыя пабудовы, пацярпела і сама сядзіба.
Пасля заканчэння вайны Вялікі Двор увайшоў у склад Міжваеннай Польшчы. Сядзібу вярнулі Святаполк-Мірскім, але ў іх не было ні жадання, ні магчымасці аднавіць маёнтак. У выніку дом стаяў закінутым і ў 1930 годзе быў канфіскаваны. Да 1934 будынак аднавілі і адкрылі ў ім школу.
Справа ад сядзібы можна ўбачыць руіны свірана. Ледзь наводдаль - былы дом упраўляючага.
Усе гаспадарчыя пабудовы ў моцным запусценні і верагодна ўжо ніколі не будуць адноўлены.
На старых здымках можна ўбачыць капліцу-пахавальню у неагатычным стылі, якую меркавана пабудавалі Брахоцкія ў другой палове 19 стагоддзя. Па архітэктуры пабудова вельмі падобная на храм у Сар'і.
Мяркую, што капліца была знішчана да 1915 года, але пры якіх абставінах сказаць складана.
Яшчэ адна цікавая пабудова ў складзе былога маёнтка, але якая дайшла да нас толькі на фота, – драўляная галубятня.
У савецкі час, былую сядзібу Брахоцкіх пашырылі - дабудаваўшы бакавыя крылы. Сёння будынак гістарычнай спадчыны працягваюць выкарыстоўваць як школьную ўстанову.
На мой погляд гэта не самае дрэннае выкарыстанне, куды лепш чым чарговы закінуты аб'ект (як прыклад іншая сядзіба Брахоцкіх у Верскаве).
Славутасць лёгка знайсці, ад цэнтра рухайцеся прама па вуліцы Дземідовіча да невялічкага вадаёма.
Што яшчэ цікавага ў гэтым рэгіёне? Зазірніце па дарозе паглядзець на пахавальню Мараўскіх у Завушшы, а таксама браму ў Вялікай Ліпе.