У пачатку чэрвеня 1841 года, у мястэчку Мількаўшчына, нарадзілася пісьменніца і яркі грамадскі дзеяч Эліза Паўлоўская (Ажэшка). Бацька Элізы, Бенедыкт Паўлоўскі, - набыў гэтыя землі ў Баржэцкіх у першай палове 19 стагоддзя. Шыкоўных і багатых палацаў Паўлоўскія не будавалі, у гэтых краях у іх было 2 даволі сціплыя аднапавярховыя сядзібы, выкананыя з дрэва. Да нашых дзён гэтыя пабудовы не дайшлі, але пэўныя напамінкі ўсё ж такі захаваліся.

У Мількаўшчыне (*на старых карта Мількаўшчызна) на месцы дзе знаходзілася сядзіба ў 2006 годзе ўсталяваны памятны камень, скульптура Дзевы Марыі і некалькі інфармацыйных стэндаў.
Да невялічкага дома Паўлоўскіх вяла кляновая алея, якая часткова захавалася і сёння. Перад уездам размяшчаўся прыгожы газон з кругам, упрыгожаным садам. Тут жа былі некаторыя гаспадарчыя пабудовы, а ледзь наводдаль стаяла фамільная каплічка, якую разабралі ў 1867 годзе.
Пасля смерці Бенедыкта Паўлоўскага ў 1844 годзе маёнтак перайшоў да яго дачок - Элізы і старэйшай сястры Клеменціны. У 1858 годзе, яшчэ зусім юная Эльжбета пакідае родны край, а ў 1872 годзе прадае фальварак Мазалеўскім.
Нягледзячы на страту маёнтка, Эліза Ажэшка будзе часта вяртацца ў Пузынаўцы (суседняя вёска), дзе пахаваны яе бацька, дзядзька і сястра.
Апошнімі ўладальнікамі фальварку Мількаўшчына стануць Чацвярцінскія з Жалудка.
Знайсці месца дзе знаходзілася сядзіба легендарнай пісьменніцы Элізы Ажэшкі даволі проста. Калі ехаць па дарозе з вёскі Каменка (там дарэчы прыгожы неагатычны касцёл), то адразу на ўездзе злева ёсць шыльда “Радзіма Элізы Ажэшкі”, ніжэй кропка з размяшчэннем гэтай славутасці на мапе:
Пахавана Эліза Паўлоўская ў Гродне на старых каталіцкіх могілках. У Мількаўшчыне можна таксама паглядзець Пакроўскі храм.