Турцыя прадставіла ўсяму свету новы маштабны праект па вывучэнні эпохі неаліту TAŞ TEPELER (Таш Тэпэ), што ў перакладзе азначае «Каменныя ўзгоркі». Вядучыя навукоўцы і даследчыкі з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі, сабраліся 23 верасня на сімпозіуме «Значэнне эпохі неаліту» у горадзе Шанлыурфа.

Рэгіён Шанлыурфа - радзіма першых прыкладаў арганізаванай працы ў гісторыі цывілізацыі. Лічыцца, што менавіта там 12 тысяч гадоў таму чалавек пабудаваў свой першы дом і перабраўся са сховішча, там сфармаваліся вёскі, з'явілася першае расслаенне грамадства, і зарадзіўся гандаль.

Манументальныя мегалітычныя збудаванні ў гэтым раёне былі першымі грамадскімі месцамі, дзе пачалі збірацца людзі і дзе карэнным чынам змяніўся ход гісторыі, калі чалавек замест збіральніцтва пачаў займацца сельскай гаспадаркай.

Гэта вялікая спадчына Турцыі, якой, на думку ўрада Турцыі, неабходна падзяліцца з усім светам. З 21 па 27 верасня з гэтай мэтай была праведзена серыя міжнародных візітаў, мерапрыемстваў і сустрэч.

Цяпер ідуць раскопкі 7 курганаў. Іх назвы засталіся ранейшымі, як іх называлі тут гістарычна: Гёбеклі-Тэпе, Карахан Тэпэ, Гюрджутэпэ, Сайбурч, Чакмактэпе, Сефер Тэпэ і на ўзгорку Ені Махалле.

Раскопкі ў Карахан Тэпе былі адкрыты для візітаў на кароткі час спецыяльна для праекта. У перыяд з 2021 па 2024 год раскопкі будуць праводзіцца ў агульнай складанасці ў 12 месцах, уключаючы Карахан Тэпэ, дзе выяўлены больш за 250 Т-вобразных абеліскаў. Такія ж гістарычныя аб'екты знаходзяцца ў Гёбеклі-Тэпе, аб'екце Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Лічыцца, што знаходкі ў выніку гэтых раскопак дазволяць больш даведацца пра паўсядзённае жыццё і рытуалы людзей у дагістарычныя часы. Мяркуецца, што ў Шанлыурфе ёсць некалькі месцаў, падобных на Гёбеклі-Тэпе, якія адлюстроўваюць раннія фазы неаліту. Нядаўнія знаходкі з раскопак Карахан Тэпе прадстаўлены на выставе "Карахан Тэпе і чалавек эпохі неаліту" ў Археалагічным музеі Шанлыурфы, якая была адкрыта 23 верасня 2021 года падчас прэзентацыі праекта TAŞ TEPELER.

- Вынікі вывучэння гэтых месцаў наглядна дэманструюць істотны ўплыў Анатоля на гісторыю чалавецтва., – адзначыў падчас візіту ў Карахан Тэпе міністр культуры і турызму Турцыі Мехмет Нуры Эрсай. - У найбліжэйшыя дні пачнуцца раскопкі старажытных паселішчаў у раёнах узгоркаў Аянлар, Ёгунбурч, Харбесуван, Куртэпесі і Ташлытэпе. Гэта першы этап праекта па даследаванні неалітычнага перыяду, які працягнецца да 2024 года. У некаторых з гэтых раёнаў ужо былі праведзены геамагнітныя вымярэнні і даследаванні з дапамогай радыёлакатараў, якія здольныя вызначыць скрозь тоўшчу зямлі зоны, дзе магчыма знаходзяцца важныя гістарычныя аб'екты. Гэтыя работы будуць працягвацца паралельна з раскопкамі. Безумоўна, гэта вельмі важны і ўражлівы праект як па змесце, так і па выніках.

У даследаваннях удзельнічаюць спецыялісты з Японіі, Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Францыі. Запланаванае супрацоўніцтва з 12 установамі і арганізацыямі, у тым ліку з 8 універсітэтамі ў Турцыі. Да праекту прыцягнуты яшчэ восем універсітэтаў з 5 розных краін, 4 міжнародныя акадэміі, а таксама інстытуты і музеі.

Унікальныя культурныя скарбы Шанлыурфы будуць прадэманстраваны падчас навуковых сесій, якія запланаваны ў праграме Міжнароднага Сусветнага кангрэса па эпосе неаліту, які адбудзецца ў 2023 годзе.

3 1 голас
Ацэніце артыкул
Падпісацца
апавяшчэння
0 Каментарыі
Убудаваныя водгукі
Паглядзець усе каментары