Адна з цэнтральных славутасцяў горада Свіслач - гэта будынак былой гімназіі, якая была адкрыта на сродкі графа Вінцэнта Тышкевіча. Свіслацкая гімназія ўваходзіла ў спіс з 8 навучальных устаноў мэтай якіх было стварыць адзіную сістэму сярэдняй адукацыі, так званую Віленскую навучальную акругу. Акрамя цікавай гісторыі самой школы, выбітных вучняў, будынак вылучаецца і незвычайнай архітэктурай.
Гімназію ў Свіслачы перабудавалі ў самым пачатку 19 стагоддзя па праекце архітэктара Шантыра, якога запрасіў граф Тышкевіч. Па выніку гэтых работ атрымаўся даволі буйны комплекс, у якім галоўны ўваход вылучаўся масіўным 14-калонным порцікам, па баках ад якога размяшчаліся флігеля з аналагічнымі порцікамі, але якія мелі ўжо па 6 калон.
Адзін з гэтых порцікаў, правы, захаваўся да нашых дзён, ён якраз на фатаграфіях. На месцы ж асноўнай часткі гімназіі ў пасляваенныя гады была пабудавана бальніца.
У лепшыя гады тут навучалася каля 350 студэнтаў і працавалі 16 выкладчыкаў, што цікава - гэта складала амаль трэцюю частку ад насельніцтва ўсяго мястэчка Свіслач.
Гімназія славілася сваімі вольнымі падыходамі і таленавітымі выпускнікамі. Парадаксальна, але гэта ў сваім родзе адыграла ў лёсе навучальнай установы злую ролю. Студэнты і выкладчыкі са Свіслачы бралі ўдзел спачатку ў рэвалюцыі 1830 года, а потым і ў паўстанні 1863 года. Паглядзеўшы на спісы актыўных удзельнікаў і кіраўнікоў лёгка ўбачыць, што многія з іх былі якраз студэнтамі гэтай гімназіі: Уладзіслаў Малахоўскі, Райнольд Сухадольскі, Траўгут Рамуальд, Напалеон Орда і вядома Кастусь Каліноўскі.
На сценах гімназіі ёсць мемарыяльная таблічка на дзвюх мовах у памяць пра вядомага студэнта гімназіі.
Пасля паразы паўстання варатсць гімназіі значна паменшылася і фактычна звялася да функцыі звычайнай школы.
У першай палове 20 ст. быў пэўны ўздым і спробы аднавіць гімназію. Нейкі час тут дзейнічала беларуская семінарыя, а пасля 1923 года ўжо польская.
У час вайны будынак Свіслацкай гімназіі значна пацярпеў і на жаль было прынята рашэнне яго не аднаўляць.
Гэтую славутасць Свіслачы можна знайсці недалёка ад гарадской плошчы, на вуліцы Дзяржынскага, ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:
У горадзе рэкамендую паглядзець парк і месца, дзе была сядзіба Тышкевічаў, а таксама заехаць да мемарыяльнага комплексу "Асілак".