Руіны ў Свiслачы: замак ці не замак?

З нашай сяброўкай, Насцей Quende, мы працягваем расказваць пра цікавыя мясцiны нашай краiны! Зараз аповяд пойдзе пра Свiслацкi замак!
Свіслацкія руіны – акурат з таго разраду архитектурных помнікаў, якія робіць прывабнымі не іх гістарычная каштоўнасць, а маляўнічыя краявіды і прыгожаянавакольная прырода. Не столькі істотным стымулам трапіць у Свіслач было імкненне даведацца, рэшткі гэта замка, ці ўсё ж руіны звычайных гаспадарчых пабудоў, колькі хацелася папросту пасядзець сонным летнім вечарам на строме над ракой, у месцы, якое дыхае былой раскошай і веліччу, і насалодзіцца неверагодным прыродным чараўніцтвам беларускай глыбінкі.

Пісьмовыя крыніцы сцвярджаюць, што магутны замак з'явіўся на высокім паўвостраве каля вусця ракі Свіслач у сённяшняй аднайменнай вёсцы, што знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці, ужо ў першай палове XI стагоддзя.

Будаўніцтва ўмацаванага фарпоста ў Свіслачы звязваюць са з'яўленнем тут князя Глеба Усеслававіча Менскага, які імкнуўся замацаваць свае пазіцыі на мяжы з Кіеўскай Руссю.

СВІСЛАЦКІЯ РУІНЫ1

Гісторыкі сцвярджаюць, што Свіслацкі замак быў драўляны. Вакол замчышча ішоў глыбокі роў, які дасягаў у шырыню 20-22 метраў. У разрыве двухметровых валоў з рассыпістага пяску знаходзіўся павет у гарадзішча. Гэта быў сапраўдны добра ўмацаваны абаронны пункт.

Замак стаў цэнтрам Свіслацкага княства, у якое ўваходзілі цяперашнія Чэрвеньскі, Клічаўскі, Кіраўскі, Бабруйскі, Глускі, Старадарожскі і Пухавіцкі раёны. У 1350-я гады пасля смерці апошняга свіслацкага князя Сямёна княства перайшло ў рукі вялікага князя Літоўскага. Прыблізна ў 1358 г. княства было падзелена на часткі, і Свіслач стала цэнтрам аднайменнай воласці.

СВІСЛАЦКІЯ РУІНЫ4
У канцы XVI стагоддзя Свіслацкай воласцю і, адпаведна, замкам стаў валодаць пан Міхаіл Гарабурда; прыблізна з 1630-х гадоў прасочваецца сумеснае валоданне Свіслаччу родаў Гарабурда і Радзівілаў. Урэшце рэшт з цягам часу замак страціў сваё абароннае значэнне і ператварыўся ў звычайны феадальны двор, які зусім не быў прыстасаваны да абароны. Гэта давяла вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскім княствам у 1654-1667 гадах. Замак без складанасцяў захапілі казакі, разрабавалі яго, а потым спалілі.

Сёння ад калісьці магутнага ўмацавання засталіся толькі рэшткі земляных валоў і рва. Руіны каменнага збудавання, якія ўспрымаюцца як частка замкавага комплексу, насамрэч датуюцца XIX стагоддзем і з'яўляюцца рэшткамі гаспадарчай пабудовы, якая належала памешчыкам Незабытоўскім.

СВІСЛАЦКІЯ РУІНЫ
Са артыкула мясцовага краязнаўцы Н. Л. Сакавай: «На месцы замка ў XVIII ст. было пачата будаўніцтва. Гэта будыніна выконвала пэўныя гаспадарчыя функцыі ў сядзібе Незабытоўскіх. У наступныя гадзіны ў гэтым будынку была сінагога, знаходзілася школа. Тут выпякалі хлеб, выраблялі разнастайную прадукцыю. Гэта было месца, дзе ў 80-ыя гг. размяшчалася служба ДРБУ №199 г. Асіповічы. А ў 1999 годзе тут планавалася ўзвядзенне новай царквы… Сёння гэта месца паломніцтва людзей са шматлікіх рэгіёнаў Беларусі. Іх вабіць і прыгажосць наваколля, і гістарычнае мінулае. У гэтых сцэнах рэжысёр Віктар Тураў здымаў фільм “Чорны бусел” (“Беларусьфільм”, 1993 г.), прысвечаны тэме Чарнобыля. На гарадзішчы праводзіліся здымкі дзіцячага прыгодніцкага фільма Г. Чацверыкава “Тры талеры”».

аўтар: Насця Quende

0 0 галасы
Ацэніце артыкул
Падпісацца
апавяшчэння
1 Каментарыі
старыя
новыя больш за ўсё +
Убудаваныя водгукі
Паглядзець усе каментары
Дзмітрый Рудэнка
Дзмітрый Рудэнка
9 гадоў назад

Калі бачыш такія старажытныя разваліны, то ты думаеш наколькі чалавек мала жыве ў свеце, і ўсе пакаленні далей будуць таксама глядзець на нашы дамы і казаць што гэта рушыць. Але толькі паглядзець на гэта хаўтае, каб зразумець як і дзе жылі нашыя продкі!