Свіслач - гэта адзін з невялікіх гарадоў Гродзенскай вобласці, размешчаны недалёка ад мяжы з Польшчай. Гісторыя ў гэтага месца багатая і насычаная, бярэ свой пачатак яшчэ ў сярэдзіне 13 стагоддзя, а што нямала важна - тут захаваліся і цікавыя славутасці. Цэнтр Свіслачы, як гэта часта і бывае ў сённяшніх гарадах Беларусі, – уяўляе сабой шырокі пляц.
Гістарычна - тут знаходзіўся кірмаш, своеасаблівы цэнтр прыцягнення і важная артэрыя горада.
У цэнтры плошчы ўзвышаецца адноўлены абеліск графа Тышкевіча, на заднім плане ад яго віднеецца праваслаўны храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
Вакол плошчы часткова захавалася радавая забудова канца 19 - першай паловы 20 стагоддзя. Са старымі будынкамі суседнічае і савецкая архітэктура - дом Культуры, выканаўчы камітэт, бібліятэка.
Вядома старыя дамы зведалі змены, але месцамі захавалі сваё першапачатковае аблічча. Прыемна выглядаюць і муралы на сценах, якія адсылаюць нас да розных славутасцяў і падзей. Вось тут да прыкладу касцёл-царква ў Грыневічах.
На суседнім мурале намалявана адна з брам, якая стаяла ў Свіслачы. Усяго іх было 4, размяшчаліся на галоўных дарогах-вуліцах.
Нажаль інфармацыі аб тым калі яны былі разбураныя і пры якіх абставінах не знайшоў. Цалкам магчыма гісторыя тут не ўнікальная - часткова разбураны падчас вайны, а пазней разабраны пры будаўніцтве дарог.
Нешта падобнае здарылася з брамай у Маладзечне. Ёсць у Свіслачы і яўрэйская спадчына прадстаўленая будынкам сінагогі канца 19 стагоддзя.
У пасляваенныя гады пабудову выкарыстоўвалі пад патрэбы кінатэатра Зорка, а некалькі гадоў таму перадалі цэнтру па працы з дзецьмі і моладдзю.
Старадаўні каталіцкі храм у Свіслачы не захаваўся, на яго замену, але ў іншым месцы, пабудаваны – касцёл Святога Францыска Асізскага.
Мабыць галоўная свіслацкая славутасць - частка гімназіі 19 стагоддзя з шыкоўным порцікам. Навучальную ўстанову адкрылі на грошы графа Вінцэнта Тышкевіча, які шмат зрабіў для родных мясцін.
У Тышкевічаў была і свая фамільная сядзіба ў Свіслачы, праўда драўляны дом не захаваўся. Уцалеў толькі падмурак, на якім былі думкі адбудаваць музей.
Многае ў Свіслачы звязана з імем Кастуся Каліноўскага, тут ёсць і бюст, і вуліца, раней нават мясцовая школа называлася яго імем.
На аднайменнай вуліцы вісіць мемарыяльная таблічка з профілем Каліноўскага.
Тут жа па суседстве камень з памятнай датай у гонар 750-годдзя заснавання горада.
Яшчэ адна ўнікальнасць горада - гэта наяўнасць алеі помнікаў, дзе ўсталяваны пастаменты самым розным гістарычным асобам.
Тут напрыклад захаваўся бюст Сталіна (магчыма адзіны ў Беларусі).
Да 2008 года стаяў і бюст Каліноўскага.
Помнік Леніну.
У 1928 годзе на гэтай алеі з'явіўся помнік Рамуальду Траўгуту, дарэчы выпускніку той самай свіслацкай гімназіі.
На ўскраіне горада ёсць яшчэ адзін мемарыял, які будзе цікава паглядзець - помнік "Асілак". Гэта цэлы комплекс, адкрыты ў канцы 80-ых, у гонар 45-й гадавіны вызвалення горада ад нямецкай акупацыі.
Ніжэй кропка з размяшчэннем Свіслачы на мапе:
Недалёка ад горада можна наведаць Вердамічы, дзе была цікавая сядзіба Талочкаў, а таксама захавалася фамільная каплічка. Калі час дазваляе, то мае сэнс з'ездзіць у Поразава, дзе знаходзіцца ўнікальная драўляная сядзіба Бутаўт-Андрэйкавічаў.