Сённяшняя вёска Сула добра вядомая дзякуючы парку гісторыі "Вялікае княства Сула", які раскінуўся на тэрыторыі якой раней валодалі Ленскія. Прадстаўнікам гэтага рода мястэчка належала на працягу 4 пакаленняў, пачынаючы з канца 18 стагоддзя і да 1939 года. За гэты час была пабудавана сядзіба, капліца-пахавальня, шэраг гаспадарчых пабудоў, лядоўня і закладзены пейзажны парк. На жаль, гістарычная пабудова сядзібы, збудаваная Паўлам Ленскім, да нашых дзён не дайшла, на яе месцы была адбудавана копія ў 2010 годзе.
Сядзібны дом меў даволі сціплую архітэктуру і вылучаўся толькі чатырохкалонным порцікам. Будынак прамавугольны, каля 40 метраў, меў адзін паверх, скатны дах. Куды цікавейшы, у архітэктурным плане, выглядаў іншы маёнтак Ленскіх – у суседняй вёскі Татаршчына (сядзіба не захавалася).
Апошняй уладальніцай Сулы стала Эльжбета Васілеўская (па нараджэнні Ленская), якая дарэчы выступала ініцыятарам і спонсарам будаўніцтва касцёла ў Рубяжэвічах. Свой фамільны маёнтак яна не пакінула не падчас Першай сусветнай вайны, не пасля таго як у 1939 годзе быў разбураны бацькоўскі дом. Эльжбета пераехала ў адзін са службовых флігеляў, дзе яна працягнула сціпла жыць, пазбавіўшыся амаль усіх скарбаў сям'і Ленскіх. Пасля смерці ў 1951 годзе была пахавана на каталіцкіх могілках у Рубяжэвічах.
У сярэдзіне 50-ых, у Суле яшчэ стаяла капліца-ратонда Ленскіх, пабудаваная ў далёкім 1843 годзе. Ратонда была разбурана без асаблівай на тое прычыны, а ў познія 80-ыя, чорныя капальнікі разрабавалі старыя магільныя пліты - шукалі багацці Ленскіх.
Аднаўленнем капліцы ўладальнікі парка заняліся ў 2015 годзе, зараз гэтая каплічка выглядае вось так:
Прагуляўшыся па тэрыторыі комплексу можна заўважыць, што і іншыя гістарычныя будынкі таксама "паўсталі" з руін. Некаторыя захавалі першапачатковае прызначэнне, а іншыя выкарыстоўваюцца пад розныя турыстычныя мэты - выставачныя залы музеяў, гатэлі, крамы. Самыя вялікія змены закранулі руіны бровара, на іх месцы вырас замак з вежай-данжонам.
Ніжэй кропка з адзнакай месца, дзе знаходзіцца сядзіба Ленскіх:
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю заехаць у гарадскі пасёлак Івянец.