У Беларусі можна паглядзець не толькі архітэктурныя і прыродныя помнікі, а таксама незвычайныя мясціны і лакацыі. Напрыклад натурны здымачны павільён кінастудыі "Беларусьфільм" у Cмалявіцкім раёне.
Тут на пастаяннай аснове ўстаноўлены розныя дэкарацыі для здымкі фільмаў.
У народным ужытку месца атрымала назву – “Смалевуд“, такая сумесь ад Галівуду і Смалявіч.
Натурная пляцоўка выкарыстоўваецца галоўнай кінастудыяй краіны (ды і не толькі ёй) ужо больш за 50 гадоў. За такую доўгую гісторыю тут былі зняты кадры і абсталяваны дэкарацыі для сотні фільмаў.
На вялізнай тэрыторыі здымачнага павільёна (каля 85 гектараў) узноўлена не толькі вёска ўзору першай паловы 20 стагоддзя. Тут таксама ёсць гандлёвыя рады, шпіталь, праваслаўны храм, ваенныя ўмацаванні, каплічка, вузкакалейка і многае іншае.
Шпацыруя паміж дэкарацый і здымачных лакацый акунаешся ў атмасферу кінематографа, а таксама як быццам трапляеш у мінулае, настолькі верыш у створаныя атрыбуты.
Натурны павільён знаходзіцца недалёка ад вёскі Каменка. Перад паездкай лепш зазірнуць на афіцыйны сайт Беларусьфільма і паглядзець, ці не змяніліся ўмовы для наведвання гэтага месца. Там ёсць свае нюансы для тых, хто плануе штосьці здымаць ці праводзіць прафесійныя фотасесіі.
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю таксама зазірнуць у Алесіна, дзе адноўлена вінакурня Ваньковічаў. Яшчэ адзін цікавы аб'ект - сядзібны комплекс у Раванічах, на жаль палац часткова закінуты.