Гарадскі пасёлак Жалудок добра вядомы на турыстычнай мапе, бо менавіта тут знаходзіцца адна з самых кінематаграфічных сядзібаў Беларусі, якая належала Святаполк-Чацвярцінскім. Яшчэ ў Жалудку можна паглядзець касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а таксама частку яўрэйскай спадчыны, прадстаўленай шэрагам пабудоў.
Найбольш цікавы аб'ект - гэты будынак былой сінагогі у самым цэнтры пасёлка Жалудок. Нягледзячы на перабудаваны выгляд, незвычайная архітэктура адразу падказвае, што перад намі нешта гістарычнае.
Вядома, што на канец 19 стагоддзя ў мястэчку былі дзве каменныя сінагогі, адна з якіх якраз на гэтых здымках. Акрамя таго ў Жалудку яўрэі пабудавалі мікву (грамадскую лазню), будынак часткова захаваўся, размяшчаецца на вуліцы Батырава, 9.
Сінагогу закрылі ў 1939 годзе, а сам будынак забралі ў абшчыны і аддалі пад патрэбы дома культуры (спачатку гэта быў “Дом чырвонай арміі”). У пасляваенныя гады да асноўнага аб'ёму дабудавалі яшчэ дзве часткі - двухпавярховую адміністрацыю і гаспадарчае памяшканне. У выніку атрымаўся такі незразумелы трохузроўневы "бутэрброд", дзе цэнтральная частка і ёсць тая самая сінагога.
Рысы архітэктуры мадэрн праглядаюцца толькі з таго боку сінагогі, дзе вісіць інфармацыйная таблічка. Першапачаткова будынак меў прыгожы фігурны франтон.
Прагуляўшыся па пасёлку можна без праблем адшукаць і яшчэ некалькі пабудоў першай паловы 20 стагоддзя, якія хутчэй за ўсё таксама будаваліся яўрэйскай абшчынай Жалудка. Ніжэй кропка з месцам на мапе, дзе знаходзіцца былая сінагога:
Калі будзеце ў гэтых краях, то рэкамендую з'ездзіць у Шчучын, дзе можна наведаць унікальны кляштар піяраў пры касцёле Святой Тэрэзы.