Поразава - гэта цікавае мястэчка ў Свіслацкім раёне, Гродзенскай вобласці, дзе хапае гістарычных аб'ектаў. Адным з якіх з'яўляецца былая сінагога, пабудаваная ў другой палове 19 стагоддзя. Унікальнасць гэтай сінагогі ў тым, што яна выканана з буйнога бутавага каменя.
Падчас Другой сусветнай вайны ў Поразава створана Гета, у якое трапілі яўрэйскія жыхары тагачаснага Поразаўскага раёна. Большасць з гэтых людзей былі забітыя да 1944 года. З таго часу габрэйская гісторыя гарадскога пасёлка амаль цалкам перарываецца, а адным з нямногіх напамінкаў служыць якраз гэты старажытны будынак.
У савецкі час пабудову перапрафілявалі пад склад, перабудавалі дах і змянілі ўнутраную планіроўку. З часам неабходнасць у гэтым аб'екце знікла і яго проста перасталі выкарыстоўваць.
У 2019 годзе былую сінагогу выстаўлялі на аўкцыён за 18 тыс. рублёў. Нажаль пакупнікоў не знайшлося, затое ва ўсіх жадаючых была магчымасць зазірнуць у тэхнічны пашпарт, дзе можна ўбачыць некаторыя характарыстыкі будынка. Так агульная плошча складае - 474 м2, мае 2 паверха, дата прыёмкі на баланс - 1964 год.
Годам раней, у 2018 годзе, выхадцы з Поразава ўсталявалі мемарыяльны камень у памяць аб 354 расстраляных яўрэях.
Сінагога знаходзіцца недалёка ад цэнтра гарадскога пасёлка, каля дарогі Р78, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У Поразава паглядзіце старадаўні касцёл 1828 года і драўляную сядзібу Бутаўт-Андрэйкавічаў. Таксама раю з'ездзіць у адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі - Ваўкавыск.