Друя - гэта невялікі аграгарадок у Міёрскім раёне, Віцебскай вобласці, размешчаны на мяжы з Латвіяй. Да пачатку Другой сусветнай вайны тут пражывала больш за 3000 габрэяў, што складала каля 70% ад агульнай колькасці насельніцтва. Таму абсалютна нядзіўна, што ў той час у Друі мелася вялікая сінагога (магчыма і не адзіная).
Галоўная сінагога пасёлка была спалена 16 ліпеня 1942 года. Гэты дзень эсэсаўцы абралі для ліквідацыі гета ў Друі.
Ёсць 2 асноўных версіі падпалу. Па першай - гэта зрабілі нямецкія салдаты з мэтай забойства яўрэяў, якія схаваліся ўнутры. Іншая мяркуе што падпал здзейснілі маладыя прадстаўнікі габрэйскай абшчыны з мэтай адцягнуць акупантаў і арганізаваць уцёкі.
Па чутках у сінагозе пад бімай (амбонам) знаходзіўся таемны падземны ход, які вёў за раку. Калі гэты праход сапраўды існаваў, то, магчыма дзякуючы яму змаглі выратавацца некаторыя жыхары.
Пасля таго як вайна была скончана мясцовыя разбіралі руіны сінагогі на цэглу для сваіх будаўніцтв. Па ўспамінах старажылаў, сярод абломкаў падмурка яшчэ доўгія гады знаходзілі абгарэлыя косці.
Брацкая магіла размяшчалася недалёка ад сцен сінагогі. У 2001 годзе, дзякуючы ініцыятыве выхадцаў з аграгарадка Друя, на гэтым месцы ўстанавілі помнік у гонар расстраляных габрэяў.
Калі будзеце ў гэтых краях, то абавязкова наведайце Траецкі касцёл. У гістарычным цэнтры таксама можна паглядзець руіны вежы-званіцы 18 стагоддзя.