Відзы добра вядомы сваёй галоўнай славутасцю - Траецкім касцёлам, аднак тут ёсць і іншыя цікавыя месцы. Напрыклад руіны невядомай капліцы на старажытных могілках, размешчаных на захад ад цэнтра гарадскога пасёлка.
На жаль, дакладнай інфармацыі хто і калі пабудаваў капліцу не знайшоў. Можна толькі зрабіць здагадку, што гэта магла быць фамільная пахавальня Ваўжэцкіх ці роду Мінейкі. У прадстаўнікоў гэтых прозвішчаў быў маёнтак у суседніх Відзах-Лаўчынскіх.
На фасадзе бачны камень з лічбамі "1861" – звычайна так абазначалі год заканчэння будаўніцтва.
Руіны стаяць акружаныя пахаваннямі, на якіх ужо не адрозніць імёны і даты.
Капліцу-пахавальню верагодна закінулі пасля заканчэння вайны 1914-1918 гадоў, тады Відзы знаходзіліся пад акупацыяй кайзераўскіх войскаў. На старым здымку відаць як каплічка выглядала ў тыя гады.
Руіны знаходзяцца ў кіламетры ад пасёлка Відзы, калі ехаць па дарозе H2108, ніжэй адзнака на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то паглядзіце стараабрадніцкую царкву пачатку 20 стагоддзя. Пры наяўнасці часу рэкамендую адправіцца ў Дрысвяты, дзе захаваўся драўляны касцёл святых Пятра і Паўла, а таксама ГЭС "Дружба Народаў".