Недалёка ад Поразава ёсць вёска Грынявічы (былая Вялікая Лапеніца) дзе можна паглядзець руіны старадаўняга касцёла францысканцаў. Грошы на будаўніцтва кляштара вылучыў Ян Агінскі яшчэ ў 1679 годзе, аднак убачыць пабудаваным гэты комплекс ён не паспеў, працы працягнуў яго сын Рыгор. Праўда і пры ім касцёл дабудаваць усё ніяк не атрымлівалася, - перашкаджалі пастаянныя сваркі і канфлікты з суседзямі Сапегамі. У выніку каменны храм Святога Іаана Хрысціцеля скончылі толькі ў 1792 годзе.
Пасля актыўнага ўдзелу манахаў у рэвалюцыі 1831 года кляштар францысканцаў закрылі, а касцёл з часам перадалі ва ўлонне праваслаўя. Барочная архітэктура храма ў Вялікай Лапеніцы ніяк не спалучалася з традыцыямі праваслаўнай архітэктуры, таму будынак грунтоўнага перабудавалі, на што былі выдзелены немалыя сродкі.
Вежы касцёла і тыпавыя каталіцкія атрыбуты замянілі на цыбульныя купалы. Захаваліся старыя здымкі, якія даюць уяўленні аб тым як храм выглядаў у пачатку 20 стагоддзя.
Ёсць і цікавы факт: цар Аляксандр III падарыў праваслаўнаму прыходу вялізны звон, гук якога так магутна разносіўся па найбліжэйшых землях, што яго па чутках чулі нават у Ваўкавыску.
Пасля таго як у 1919 годзе Грынявічы апынуліся ў складзе Міжваеннай Польшчы царкву закрылі, а ў сценах старажытнага храма зноў пачаліся каталіцкія службы. Будынак тады часткова перабудавалі - прыбралі купала.
Закрылі касцёл-царкву ў 60-ых гадах, 20 стагоддзя. Аднак ажно да 1982 года храм заставаўся некранутым, пакуль не прынялі рашэнне абсталяваць тут гараж для сельгас тэхнікі. З-за гэтага знеслі дах і ўсё другое святло, знішчылі дэкаратыўны франтон, а на месцы партала прасеклі шырокія вароты для трактароў.
У 90-ых былі сціплыя размовы і прапановы аднавіць храм, але неабходныя сродкі і дазволы атрымаць не ўдалося.
З 1920 па 1924 гады ксяндзом у Грынявічах быў Іосіф Германовіч (паэт і пісьменнік вядомы пад псеўданімам Вінцук Адважны). За пропаведзі і выкладанне на беларускай трапіў у няміласць польскіх уладаў і быў вымушаны з'ехаць у Друю. Праўда і там быў у няласцы, адпраўлены ў Кітай, дзе арыштаваны і прыгавораны да 25 гадоў спасылкі ў Сібіры. Пра свае тулянні і барацьбу напісаў кнігу “Кітай – Сібір – Масква”, дзе ёсць успаміны і пра Грынявічы.
Перад храмам захаваліся руіны брамы, верагодна пабудаванай у тыя ж гады, што і сам касцёл.
У Лапеніцах калісьці была ўнікальная сядзіба роду Булгарынаў, размяшчалася ў 600 метрах ад кляштара. Як яна выглядала можна ўбачыць на малюнку ніжэй:
Руіны знаходзяцца на ўездзе ў Грыневічы. Ад вёскі Гарнастаевічы і трасы Р78 з'язджайце на дарогу Н6017, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях раю паглядзець унікальны прыклад гатычнай архітэктуры ў Беларусі - касцёл Святога Міхала ў Гнезна.