Адна з славутасцяў Дзісны - гэта руіны павятовага шпіталя, маляўніча размешчаныя на беразе Заходняй Дзвіны. Гэты шпіталь будаваўся па тыпавым праекце ў самым пачатку 20 стагоддзя, у 1902 годзе.
Будынак актыўна выкарыстоўвалі пад медыцынскія патрэбы аж да 1943 года. Падчас вызвалення Дзісны шпіталь моцна пацярпеў, тады згарэў дах, а таксама драўляныя перакрыцці.
Даволі доўга былы шпіталь стаяў у напаўзакінутым выглядзе, пакуль мясцовыя ўлады ўсё ж такі не вырашылі яго аднавіць (сярэдзіна 20 стагоддзя). Праўда сітуацыя рэзка змянілася: у 1959 годзе Дзісненскі раён ліквідавалі, значнасць горада стала зніжацца і неабходнасці ў аднаўленні ўжо не бачылі вялікага сэнсу.
Так з часам былы павятовы шпіталь у Дзісне канчаткова перайшоў у стадыю руін. І калі фасад выглядае ўсё яшчэ даволі нядрэнна, то задні бок ужо канчаткова згублены.
Знайшоў цікавую інфармацыю, - у 90-ых была ідэя адбудаваць будынак і размясціць у ім свячны завод. Чаму праект не рэалізавалі, сказаць складана.
Як шпіталь выглядаў у свае лепшыя гады можна ўбачыць на старых даваенных здымках.
Звярніце ўвагу на ўзровень вады (верхні здымак), раней паводкі маглі затапіць многія вуліцы горада.
Цікаўна, што аналагічны шпіталь быў пабудаваны за 230 кіламетраў ад Дзісны, у Ашмянах. Праўда лёс субрата склаўся значна лепш.
Калі абыйсці руіны, то знойдзеце выдатнае месца для назірання за паромнай пераправай Дзісна-Луначарскае.
Разваліны бальніцы знаходзяцца на вуліцы Пушкіна, ніжэй адзнака з размяшчэннем на мапе:
У Дзісне будзе таксама цікава паглядзець адноўлены касцёл і Васкрасенскую царкву.