У Вілейскім раёне ёсць прыгожая і багатая на гісторыю вёска Ручыца, дзе сёння можна паглядзець маляўнічы падвесны мост, праваслаўны храм, а таксама месца дзе была сядзіба Агінскіх "Ганута". Сам маёнтак вядомы з 1501 года як валоданне князёў Гальшанскіх. Затым тут гаспадарылі Пацы, Садоўскія, Сангушкі і Коцелы ад апошніх у 1738 годзе сядзіба і перайшла да Агінскіх. Дарэчы ад Коцелаў разам з “Ганутай”, Казімір Тадэвуш Агінскі атрымаў таксама сядзібу ў Беніцы і ў Маладзечне. У 1755 годзе ў Ручыцы пачынаецца будаўніцтва шыкоўнай летняй рэзідэнцыі, цэнтральнай кампазіцыяй якой становіцца своеасаблівы палац па праекце архітэктараў Томаша Жаброўскага і Абрагама Антонія Гену. Цікаўна, што па праекце Гену верагодна выканана і сядзіба ў Лявонпалі.

Як выглядала сядзіба Ганута ў Ручыцы.
Карціна Напалеона Орды з выглядам сядзібы, сярэдзіна 19 ст.

Сядзібны комплекс у Гануце ўключаў у сябе шэраг пабудоў: асноўны дом, флігель, лямус, млын, дзве капліцы, уязную браму і розныя гаспадарчыя будынкі. Акрамя таго, у 1763 годзе скончана будаўніцтва драўлянага касцёла. Па сваёй архітэктуры палац можна аднесці да стылю барока - прастакутны і аднапавярховы, з высокай мансардай. Цэнтральная частка будынка вылучалася масіўным рызалітам, які завяршаўся трохкутным франтонам. Нажаль да нашых дзён сядзіба не захавалася, можна толькі адшукаць падмуркі і засыпаныя скляпы.

Сядзіба Ганута Ручыца
Стары здымак сядзіба першай паловы 20 ст.

Ганутай з 1814 года валодаў вядомы кампазітар Міхаіл Клеафас Агінскі, які жыў у Залессе, але сюды з задавальненнем прыязджаў на лета. Пасля таго як Агінскія пакінулі беларускія землі ў 1823 годзе маёнтак сталі здаваць у арэнду. У другой палове 19 стагоддзя, уладальнікамі Ручыцы сталі прадстаўнікі Ржавускіх і Лапацінскіх.

сядзіба Агінскіх "Ганута"

Ганута лямус
Справа ад сядзібы звярніце ўвагу на будынак лямуса

У часы Першай сусветнай вайны сядзіба была моцна разбурана, а пры адступленні нямецкіх жаўнераў разрабавана - усе каштоўнасці і рэліквіі вывезены. У пачатку 20-ых гадоў былі зроблены сціплыя спробы аднавіць Гануту, апошнія гаспадары фальварку Валовічы адрамантавалі сам дом і некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Аднак набліжалася новая вайна, якая канчаткова вырашыла лёс маёнтка ў Ручыцы - поўнае знішчэнне. У пасляваенныя гады руіны сядзібнага дома разабралі на будаўнічыя матэрыялы, сцершы з памяці тое нямногае што заставалася.

Былая сядзіба Ганута.

У адрозненне ад сядзібы, у Гануце захавалася Успенская царква. Яна размяшчаецца на своеасаблівым паўвостраве, дзе была пабудавана ў 1881 годзе з каменя. Менавіта гэтую пабудову зараз можна назваць галоўнай дамінантай вёскі.

Успенская царква Ручыца

Асобнай увагі вартыя каплічкі, якія будаваліся адначасова з самой сядзібай Агінскіх, па праекце ўсё таго ж архітэктара Гену.

Дзе была сядзіба Агінскіх у Ручыцы?

Незвычайнае месцы Беларус - Ручыца

Мелі барочную архітэктуру з элементамі ракако, а ў цэнтры капліц размяшчаліся невялічкія драўляныя скульптуры на пастаментах.

Руіны капліцы ў вёсцы Ручыца

Калі я прыязджаў у Ручыцу ў 2023 годзе каплічкі разбураліся, але ёсць інфармацыя, што не так даўно ўзяліся за іх аднаўленне. Ніжэй старое фота далёкай капліцы:

Рэшткі былой сядзібы Агінскіх «Ганута»
З сайту Глобус Беларусі

Каплічка каля асноўнай дарогі захавалася крыху лепш і дае добрае ўяўленне аб першапачатковым абліччы збудавання.

Капліца сядзіба Агінскіх Ганута.

Ніжэй стары здымак:

Руіны каплічкі Ганута
Першая палова 20 ст. З сайту Глобус Беларусі

Яшчэ адна цікавая славутасць у Ручыцы - гэта падвесны мост над ракой Нарач.

Падвесны мост у вёсцы Ручыца

Дакладна невядома калі яго пабудавалі, хутчэй за ўсё ўжо ў познія 70-ыя, а потым не раз перараблялі. Уздоўж ракі пры жаданні можна адшукаць і яшчэ некалькі падобных масткоў.

Падвесныя масты Беларусі

Каля каплічкі звернеце ўвагу і на руіны млына 1930 гады.

Руіны мельніцы ў вёсцы Ручыца

Ніжэй кропка з месцам, дзе знаходзілася сядзіба “Ганута”:

Калі будзеце ў гэтых краях рэкамендую таксама з'ездзіць у Вілейку і Смаргонь.

ПАКІНЦЕ АДКАЗ

Увядзіце ваш каментар
Ваша імя