Акрамя класічных славутасцяў накшталт царквы, касцёла і руін, у самым маленькім горадзе Беларусі, – Дзісне, ёсць і незвычайная славутасць – паромная пераправа праз Заходнюю Дзвіну. Вядома незвычайная яна толькі для турыстаў, а для мясцовых жыхароў хутчэй паўсядзённы від транспарту, які злучае Дзісну і Луначарскае.
Паром працуе не круглы год, а звычайна з канца сакавіка па канец кастрычніка. Гэта паслуга бясплатная і даволі папулярная, таму калі захочаце пераправіцца з аднаго берага на іншы, то плануйце паездку загадзя і трымайце ў запасе хаця б гадзіну.
З Дзісны паром адпраўляецца кожную гадзіну, пачынаючы з 7:00 і заканчвае сваю працу ў 20:00. З берага "Луначарскае" адпраўленне ў N-30, ніжэй таблічка з раскладам (фота зроблена ў 2022 годзе, жнівень).
Звычайна паром абслугоўвае 2 чалавекі, адзін кіруе і кантралюе рухавік (ён дарэчы ад трактара Т-25), другі адчыняе шлагбаўм і сочыць за парадкам. Адлегласць паміж берагамі невялікая, каля 250 метраў і пераадольваецца ў сярэднім за 3-5 хвілін, але эмоцыі гэты працэс выклікае толькі станоўчыя.
На пароме чыста і акуратна, стаіць бытоўка для працаўнікоў.
Для пасажыраў абсталяваны месцы для чакання з падстрэшкам.
На гэтай своеасаблівай баржы змяшчаецца каля 6-8 машын. Інфармацыі аб абмежаванні па колькасці людзей не знайшоў, таму верагодна возьмуць усіх у межах разумнага.
Пагрузка і выгрузка па жывой чарзе, заехаць і з'ехаць на паром не складана, асаблівых навыкаў не трэба, проста крыху ўважлівасці.
Ніжэй кропка з размяшчэннем паромнай пераправы. Раю прыехаць загадзя, каб спакойна заняць чаргу (асабліва гэта датычыцца летніх дзянькоў).
Калі едзеце ў Дзісну з Полацка, то па шляху паглядзіце капліцу ў вёсцы Бездзедавічы.