Любому чалавеку, які прыедзе паглядзець палац Радзівілаў, абавязкова захочацца і прагуляцца вакол. Дагледжаная тэрыторыя ўздоўж замковых равоў, алеі і сцяжынкі, загадкавыя скульптуры і прыгожы мост праз вадаём - усё гэта складае пейзажны парк у Нясвіжы, а калі быць больш дакладным - то цэлых 5 паркаў.
За мастом, з боку трасы Р91, размяшчаецца Англійскі і Марысін парк, з боку галоўнай брамы і ледзь лявей ад уваходу - Замкавы (ён жа Антонія), справа ад палаца - Стары парк.
Далей за ўсё знаходзіцца Японскі парк, каб туды патрапіць спатрэбіцца спачатку прайсці праз увесь "Стары".
Фарміраванне парка адносяць яшчэ да тых часоў, калі ў Нясвіжы вяршэнстваваў Мікалай Радзівіл “Сіротка”, а гэта на хвіліначку другая палова 16 – пачатак 17 стагоддзя. Той парк быў зусім невялічкі і нават сціплы. Усе наступныя Радзівілы рабілі свой унёсак у развіццё комплексу, нехта рабіў пазітыўныя крокі, а нехта наадварот - псаваў працу папярэднікаў.
Сапраўдным жа росквітам парка ў Нясвіжы лічыцца перыяд пры Марыі Даратэі Элізабэт дэ Кастэлян. Менавіта яна ў 1870 годзе выступіла ініцыятарам стварэння ў горадзе ўзорнага сада, для гэтага нават быў запрошаны знакаміты садоўнік з Польшчы.
Тыя паркі (як памятаеце іх 5), якія можна ўбачыць сёння, - лічацца заслугай як раз Марыі, а агульная плошча ўсяго паркавага комплексу складае прыкладна 66 гектараў. У памяць аб дзейнасці гэтай жанчыны і яе ўкладзе ў развіццё Нясвіжа ў Старым парку ўсталяваны некалькі мемарыяльна-падзячных валуноў.
Гуляючы па алеях зможаце ўбачыць самыя розныя дрэвы і расліны, ёсць і некалькі цікавых скульптур.
Вось напрыклад скульптура ў гонар сабака, які па легендзе выратаваў ад мядзведзя аднаго з Радзівілаў.
А вось незвычайная скульптурная кампазіцыя - "Музыка і анёл".
Знакамітая русалка Нясвіжа.
Можна ў парку адшукаць і сонечны гадзіннік, яго ўсталявалі да 115 гадавіны заснавання Нясвіжскага парка (1993 год).
Ніжэй кропка з адзнакай месца, дзе знаходзіцца ўваход у Стары парк:
Калі будзеце ў Нясвіжы рэкамендую агледзець цэнтральную частку горада з Ратушай, касцёлам і Слуцкай брамай.