Пасёлак Першамайскі (Першамайская), Карэліцкага раёна, да 1948 года называўся Обрынь (Обрына). Маёнтак у гэтых краях заклалі прадстаўнікі роду Обрынскіх яшчэ ў другой палове 16 стагоддзя. Ад іх фальварак перайшоў да іншых шляхетных родаў: Хадкевічаў, Раеўскіх і вядома Кашыцаў. Пры Раеўскіх і Кашыцах пабудавана унікальная сядзіба, архітэктурных аналагаў якой не было на тэрыторыі Беларусі. Сёння ад былога маёнтка нажаль захаваліся толькі руіны пабудоў, падмуркі і земляныя валы. Прагуляўшыся па парку ўздоўж ракі можна ўбачыць месца, дзе знаходзілася капліца-пахавальня Кашчыцаў і магіла ўдзельнікаў паўстання 1863 года.

Обрынская капліца мела даволі сціплыя памеры - 10 на 6 метраў. Уяўляла сабой адзін паверх капліцы (разбурана) і крыпту з арачнымі нішамі.
У гэтых нішах, іх 10, хавалі памерлых прадстаўнікоў Кашчыцаў. Аднак цікава, што ў адной з ніш ёсць магільны камень з імем Канстанціна Раеўскага, фундатара сядзібы.
Ён памёр у 1844 годзе, на той момант малаверагодна, што капліца ўжо існавала. Ёсць меркаванне, што яго перапахавалі тут у 1911 годзе, калі капліцу перабудавалі па загаду Фелікса Кашыца (апошняга ўладальніка Обрына).
У гэтай капліцы пахаваная і Соф'я Кашыц (1874 год), у дзявоцтве Раеўская, якая і парадніла гэтых 2 старажытных роды.
Прайшоўшы ад капліцы праз лес можна знайсці магілу, а дакладней памятны знак, усталяваны Канстанцінам Кашыцам у 1870 годзе.
Канстанцін быў актыўным удзельнікам паўстання 1863-XNUMX гадоў завошта ледзь не пазбавіўся свайго маёнтка.
Лёс капліцы Кашчыцаў склаўся трагічна, зрэшты як і апошніх прадстаўнікоў гэтага роду. Фелікс Кашыц быў расстраляны ў 1943 годзе і пахаваны недзе на тэрыторыі сядзібнага комплексу. Каплічку пасля заканчэння вайны разабралі на цэглу, а магілы разрабавалі ў пошуках каштоўнасцяў. Некалькі гадоў таму зроблены сціплыя спробы акультурыць руіны капліцы і закласці нішы крыпты кратамі. Адшукаць гэтае месца можа быць складана, асабліва ўлетку, калі вакол зарастае быльнік. Ніжэй кропка з месцазнаходжаннем на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю па дарозе паглядзець праваслаўныя храмы ў Ярэмічах ды аграгарадку Турэц. Праехаўшы некалькі кіламетраў па трасе Р11 можна ўбачыць руіны царквы ў вёсцы Беразавец, маляўніча размешчаныя на ўзвышшы.