Першыя цаглінкі ў падмурак гэтага праваслаўнага храма закладзены ў 1873 годзе, але будаўніцтва расцягнулася на доўгіх 10 гадоў. Свята-Уваскрасенская царква ў Ашмянах стала заменай драўлянаму храму-папярэдніку, які памятаў яшчэ часы манахаў-дамініканцаў.
Ашмянская царква пабудавана ў псеўдарускім стылі, у выглядзе крыжа, па праекце архітэктара Аляксея Полазава. Храм размяшчаецца ў гістарычным цэнтры горада, непадалёк ад касцёла святога Міхала Арханёла і былой сінагогі.
У 1964 годзе царкву закрылі, а ўся маёмасць разрабавана. Як і большасць рэлігійных пабудоў таго часу, Ашмянскі храм сталі выкарыстоўваць пад склад. Ніхто не спадзяваўся на адкрыццё царквы, былі нават думкі аддаць будынак мясцоваму краязнаўчаму музею імя Францішка Багушэвіча.
Аднак у 1990 годзе Свята-Уваскрасенскі храм вярнулі вернікам, а пасля капітальных рамонтных работ тут зноў пачалі праводзіць службы. Убачыць гэтую гарадскую славутасць можна па вуліцы Савецкая 108.
Калі будзеце ў Ашмянах, то таксама раю паглядзець руіны касцёла францысканцаў і зазірнуць на старадаўнія каталіцкія могілкі.