У Беларусі ёсць не толькі архітэктурныя помнікі, але і помнікі прыроды, адзін з такіх аб'ектаў – “Нявесцін камень“. Ён знаходзіцца ў Ашмянскім раёне, недалёка ад вёскі Агароднікі і як у нас часта бывае, незвычайны валун аброс самымі рознымі легендамі і гісторыямі.
Ёсць здагадка што камень на нашы землі прынёс ледавік з Аландскіх астравоў больш за 130 000 гадоў таму. Аднак існуе і больш народная версія, з адценнем містыкі, якая адсылае нас да часу, калі продкі верылі ў паганскіх багоў.
Паводле гэтай легенды, маладая дзяўчына не змагла перажыць страту каханага, які патануў у возеры, і кінулася ўслед за ім. Вада з часам перасохла і жыхары найбліжэйшых вёсак знайшлі на дне гэты самы камень. Мясцовыя падумалі і вырашылі, што душа маладзіцы захавалася ў валуне і далі яго тым самым Нявесціным каменем.
Тэрыторыя з густым лесам і ракой Ашмянка гэтым легендам толькі спрыяла і маладыя дзяўчаты сталі ўсё часцей зазіраць да прыгожага Рамбакаўскага рову, каб павесіць стужачку на дрэва і дакрануцца да каменя.
Лічыцца што такі жэст можа дапамагчы знайсці сапраўднае каханне, жаніха ці нават зачаць дзіця, вось такая ашмянская легенда.
Старажытны валун атрымаў статус "Помнік прыроды" яшчэ ў 1996 годзе. Памеры яго ўражваюць, а вага па прыблізных разліках складае больш за 70 тон.
У 2015 годзе тэрыторыю вакол каменя акультурылі, устанавілі інфармацыйныя таблічкі, а таксама зрабілі аглядную пляцоўку і лесвіцу. Ніжэй кропка з адзнакай гэтай славутасці на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то рэкамендую заехаць у Ашмяны і наведаць мясцовую сінагогу, а таксама ўбачыць касцёл на цэнтральнай плошчы.