Навагрудак - унікальны горад, багаты на самыя розныя славутасці, але для тых каму класічных храмаў і музеяў мала, прапаную дадаць у спіс "што паглядзець" - незвычайную забудову першай паловы 20 стагоддзі. Размова пойдзе пра забудову, якая праводзілася ў перыяд Міжваеннай Польшчы, калі ў Навагрудку актыўна ўзводзілі адміністрацыйныя і жылыя дамы ў даволі нетыповай для Беларусі архітэктуры. Большая частка гэтых будынкаў захавалася ва ўмоўным квадраце паміж вуліцамі Міцкевіча і Савецкай.
Каля наваградскага каледжа вылучаюцца адразу 3 жылыя дамы ў так званым закапанскім стылі. Аднапавярховыя, са складанай мансардай і высокім двухкалонным порцікам.
Менавіта такія праекты дамоў масава будаваліся для польскіх перасяленцаў у 20-30-ыя гады.
У той час узводзіліся цэлыя кварталы (калоніі), але да нашых дзён драўляных пабудоў дайшло зусім няшмат. Частка была разбурана яшчэ падчас вайны, а іншая частка знесена ў 50-60-я гады.
Лёс жыхароў, а гэта ў аснове сваёй былі палякі, часта вайскоўцы, - склалася сумна. Пасля ўваходжання ў 1939 годзе Навагрудка ў склад БССР дамы прымусова канфіскоўваліся, а "непажаданых" адпраўлялі ў Сібір.
Цікаўна што акрамя аднапавярховай, ішла і шматпавярховая забудова, з рысамі польскага мадэрну, такі дом захаваўся на вуліцы Міцкевіча 15.
Жыллё будавалі не толькі для простых людзей, але і вядома для чыноўнікаў усіх масцей. Так на фота ніжэй можна ўбачыць дом кіраўніка польскай адміністрацыі (гміны), сёння тут размяшчаюцца розныя адміністрацыі горада.
Над праектам асабняка працаваў польскі архітэктар Ежы Бэйл. Сам дом безумоўна прыгожы, але не з'яўляецца асаблівым, дакладныя яго копіі былі пабудаваны яшчэ ў Слоніме, Валожыне, Нясвіжы, Баранавічах і, напэўна, у некаторых іншых гарадах.
Тут жа па суседстве стаіць цікавы будынак, які ўзводзіўся як наваградскае ваяводства.
Тут працуе выканаўчы камітэт ды некаторыя іншыя адміністрацыі горада.
Крыху далей па вуліцы будынак былога нацыянальнага банка, пабудаванага ў 20-30я гады.
Яшчэ адзін прыклад польскай архітэктуры ў гэтым раёне - былы чыгуначны вакзал (зараз адміністрацыя аўтавакзала).
У 20-ыя гады ў Навагрудку актыўна выкарыстоўвалі вузкакалейку, якая праўда да нашых дзён ні ў якім выглядзе не захавалася, а сучаснае чыгуначнае палатно ў горад так і не завялі. Месца вузкакалейкі з часам занялі рэйсавыя аўтобусы і маршруткі.
Бонусам у гэты спіс ідзе і яшчэ адна ўнікальная пабудова 20 стагоддзя - акруговы суд на вуліцы Мінская 62.
Ніжэй кропка з размяшчэннем драўляных будынкаў з пачатку артыкула:
Недалёка ад Наваградка знаходзіцца незвычайны музей Літоўка, які рэкамендую наведаць калі будзеце ў гэтых краях.