Недзе на паўночна-ўсходняй мяжы Налібоцкай пушчы знаходзіцца аграгарадок Налібакі, Стаўбцоўскага раёна, у якім можна паглядзець даволі цікавы касцёл. Само мястэчка досыць старое, у летапісе згадваецца ажно ў сярэдзіне 15 стагоддзя, а за доўгую гісторыю тут былі вядомыя ўладальнікі: Гедыгольдавічы, Кезгайлы, Завішы, Шэметы і Радзівілы. Вось пры апошніх, а менавіта пры Альбрэхце Станіславе Радзівіле, у Налібаках пабудаваны першы драўляны касцёл (верагодная дата будаўніцтва - 1636 год). Гэты храм разбураўся і неаднаразова перабудоўваўся, але прастаяў аж да 1943 года. Што цікава, каменны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пачалі будаваць па суседстве са старым драўляным храмам яшчэ ў 1935 годзе, але працы так і не паспелі скончыць.
У такім недабудаваным выглядзе, былі гатовы толькі сцены, храм і стаяў да 1990 года, пакуль не пачаліся спрыяльныя ўмовы для працягу работ. Імі якраз і заняўся новы ксёндз Марыян Шаршан, які здолеў знайсці неабходныя сродкі, а таксама ініцыятыўных людзей гатовых дапамагчы.
У выніку гэтых дзеянняў ужо да 1994 года касцёл у Налібаках быў афіцыйна і ўрачыста асвечаны.
Архітэктура храма шмат у чым адлюстроўвае перыяд у якім ён будаваўся, тут бурная эклектычная сумесь самых розных стыляў. Знайсці ў Беларусі падобны касцёл на гэты - будзе даволі складанай задачай.
Сам будынак прастакутны, завяршаецца высокай двух'яруснай апсідай, а па баках да асноўнага аб'ёму прымыкаюць асіметрычныя сакрыстыі.
Цагляныя сцены ўпрыгожаны арачнымі вокнамі па ўсім перыметры, а верхні ярус яшчэ і дапоўнены круглымі люкарнамі. Фасад касцёла завершаны фігурным фронтам у цэнтры якога акно-ружа.
Асобнай увагі варты могілкі за касцёлам, дзе ўзвышаецца штучна насыпаны курган з крыжам.
Вакол каталіцкіх могілак размяшчаецца алея з маладымі саджанцамі, думаю пройдзе гадоў 10 і тут будзе шыкоўны парк.
Ёсць і вось такі памятны знак усталяваны ў гонар 127 загінуўшых жыхароў Налібак, беларускіх і польскіх жаўнераў, а таксама прападобнага Ёзафа Байка і ксяндза Ёзефа Барадзіна.
Злева ад касцёла ёсць невялікая драўляная капліца, на месцы якой і знаходзіўся стары касцёл.
А на месцы металічнай званіцы раней узвышалася каменная вежа-званіца, выкананая ў падобнай з брамай архітэктуры.
Ніжэй кропка з адзнакай галоўнай славутасці Налібак на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю заехаць у гарадскі пасёлак Івянец.