Уздоўж цэнтральнай вуліцы Іўя можна ўбачыць старую радавую забудову горада і вядома галоўную славутасць - касцёл Святых Пятра і Паўла, але ёсць і яшчэ адзін цікавы аб'ект - вадзяны млын. Будынак будаваўся на рацэ Івянка, як мяркуецца, у канцы 19 – першай палове 20 стагоддзя.
Першапачаткова млынок быў аднапавярховы, на старых даваенных здымках і паштоўках можна разгледзець як выглядаў будынак да надбудовы другога паверха.
У шматлікіх крыніцах сустракаецца інфармацыя аб тым што млын у Іўі пабудавалі ў 1920, альбо 1926 годзе. Магчыма ў той перыяд якраз і быў дабудаваны яшчэ адзін паверх і мансарда.
Сёння млын - гэта адзін з гандлёва-забаўляльных аб'ектаў горада. Будынак рэканструявалі і здаюць у арэнду пад розныя патрэбы. Цешыць, што пры аднаўленчых працах захавалі адкрытым аўтэнтычны бутавы мур першага паверха.
Вадзяны млын знаходзіцца па адрасе вуліца Карла Маркса 38, ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то рэкамендую з'ездзіць у суседнюю вёску Ліпнішкі, там ёсць унікальны касцёл Святога Казіміра і частка старадаўняй сядзібы Вольскіх.