Аказваецца ў Кіраўскім раёне, Магілёўскай вобласці, знаходзіцца ўзорны аграгарадок Беларусі - Мышкавічы. Тут у 1931 годзе быў утвораны калгас з кінематаграфічнай назвай "Рассвет", які спрадвечна планавалі зрабіць адным з найлепшых ва ўсім саюзе. Дзякуючы гэтаму рашэнню, нават амаль праз 100 гадоў і чарады розных гістарычных падзей, Мышкавічы выглядаюць цікава і незвычайна. Але ці ёсць у гэтым аграгарадку гістарычныя аб'екты , ці гэта асабліва савецкая спадчына?
У летапісе вёска з назвай Мышкавічы сустракаецца ў першай палове 16 стагоддзя, але хутчэй за ўсё гэта было маленькае селішча ў парачку хат. На старых картах, на месцы сённяшняга аграгарадка, можна ўбачыць некалькі населеных пунктаў: Дабрыца, Качэрычы і Папоўшчына. Самае буйное з якіх - Качэрычы, было шляхецкім маёнткам у склад якога і ўваходзіла вёска Мышкавічы.
Верагодна першапачатковымі ўладальнікамі з'яўляліся прадстаўнікі роду Ланеўскія-Ваўкі. Згадванняў пра іх палацы і сядзібы няма, так што мусіць у мястэчку нічога падобнага і не было. Затое працавала некалькі невялічкіх прадпрыемстваў і цэлых 2 млына.
У канцы 19 стагоддзі Мышкавічы дасталіся Віктару Аляксандравічу фон Гоеру. Ён і яго нашчадкі валодалі маёнткам да 1917 года.
У мяне ёсць здагадка што будынкі на фота ніжэй будаваліся як раз пры фон Гойрах.
Увесь гэты комплекс нагадвае нечым бровар, альбо фабрыку. Нажаль ніякай дакладнай інфармацыі не знайшоў.
Калі з гістарычнай спадчынай усё складана і заблытана, то савецкая частка Мышкавіч мае дакладныя даты і апісанне.
Пасля вайны калгас развіваўся ўражальнымі тэмпамі, з'яўлялася спадарожная інфраструктура, будаваліся цікавыя дамы для работнікаў. Сваёй архітэктурай і забудовай Мышкавічы хутчэй нагадвалі тыповыя амерыканскія мястэчкі, чым савецкую глыбінку.
На цэнтральным скрыжаванні стаіць высокая стэла з ордэнам Леніна і гадзіннікам - візітная картка Мышкавічаў.
За бюстам Героя СССР і Героя Сацыялістычнай Працы Кірыла Пракопавіча Арлоўскага бачны мясцовы Палац культуры, пабудаваны ў 1976 годзе. Будынак падобных памераў ніяк не чакаеш убачыць у аграгарадку.
Мышкавічы ў цэлым моцна выбіваюцца з прынятай архітэктуры таго часу. Магчыма гэта заслуга масцітага архітэктара Георгія Заборскага (на яго рахунку дзясяткі праектаў значных аб'ектаў Мінску), магчыма прагрэсіўнасць кіраўніка калгаса Старавойтава Васіля Канстанцінавіча.
Побач з Палацам культуры мясцовы гатэль, рэстаран і мемарыял Славы, устаноўлены ў 1983 годзе.
За гэтым ваенным помнікам яшчэ адна рэдкая славутасць для аграгарадкоў - фантан. І да таго ж не самы звычайны.
Нядзіўна, што ў другой палове 20 стагоддзя пра калгас “Рассвет” здымалі шмат ролікаў і своеасаблівых рэкламных сюжэтаў. Мара пабудаваць ідэальны населены пункт непакоіла розумы савецкіх кіраўнікоў. Ці сталі Мышкавічы такім месцам? Спытаць хутчэй трэба ў мясцовых жыхароў.
Мышкавічы знаходзяцца ўсяго за пару кіламетраў ад раённага цэнтра і зусім недалёка ад Бабруйска, таму калі будзеце ў гэтых краях - раю наведаць.
У маршрут можна ўключыць і галоўную славутасць рэгіёна - палац Булгакаў у Жылічах.