Як выглядаў Мінск у першай палове 20 стагоддзі і раннія пасляваенныя гады? Адказаць на гэтае пытанне дапамогуць старыя паштоўкі на якіх адлюстраваны знакавыя вуліцы і месцы сталіцы. У гэтым артыкуле віртуальна прагуляемся па цэнтральнай частцы Мінску і паглядзім як горад змяніўся (ці не?), а для зручнасці ўспрымання паспрабаваў паўтарыць старыя ракурсы на сённяшнім ландшафце.
Губернатарская 1915 – Леніна 2024
На гэтай старой паштоўцы можна ўбачыць цэнтральнае скрыжаванне сталіцы. Губернатарскай гэтая вуліца называлася з другой паловы 19 стагоддзя і да 1919 года, пасля 1945 года - Леніна.
Удалечыні відаць кафедральны касцёл Дзевы Маріі, на сучасным фота яго складана разглядзець, але будынак на месцы.
Койданаўская - Рэвалюцыйная 2024
Старадаўняя вуліца вядомая яшчэ з 16 стагоддзя, а назва Рэвалюцыйная замацавалася пасля 1922 года. Што цікава, у 1919 годзе, была і іншая назва - у гонар Лассаля Фердынанда. У цэнтры фота - старажытны будынак, які першапачаткова з'яўляўся флігелем гарадской сядзібы Пшаздзецкіх. Затым тут была аптэка, з сярэдзіны 19 стагоддзі дадаліся і іншыя крамы, а вось з 1872 году ў сценах знаходзілася мужчынскае духоўнае вучылішча.
Будынак не быў разбураны ў ваенныя гады і захаваў сваё гістарычнае аблічча.
Царква Святога Духа – канцэртная зала “Верхні горад”.
На старых паштоўках часта сустракаецца выява царквы ў Верхнім горадзе, якую сёння можа быць даволі складана апазнаць. Чыннік у тым, што гістарычна тут размяшчаўся грэка-каталіцкі кляштар з храмам рэнесанснай архітэктуры, а ўжо ў сярэдзіне 19 стагоддзі будынак цалкам перабудавалі па канонах рускай праваслаўнай архітэктуры. Таму большасць старых фота захавалі менавіта такое аблічча храма.
У канцы 30-ых гадоў, мінулага стагоддзя, царкву ўзарвалі, а праз 70 гадоў пачаліся работы па будаўніцтве дзіцячай філармоніі, якая знешне павінна была адпавядаць архітэктуры самага першага храма. Так скончылася складаная і заблытаная гісторыя з гэтым аб'ектам.
Верхні горад выгляд ад Нямігі
Яшчэ адна фатаграфія 1917 года з выявай царквы Святога Духа ў Верхнім горадзе.
Будынак прысутных мер - дом Прафсаюзаў
Яшчэ адзін цікавы будынак плошчы Свабоды - гэта былы корпус кляштара базыльянаў. Як і суседні храм, будынак не раз перабудоўвалася, але агульную кампазіцыю тут захавалі.
З канца 19-га стагоддзя і па сённяшні дзень тут размяшчаюцца самыя розныя адміністрацыі і прафсаюзныя арганізацыі горада.
Вуліца Праабражэнская (напрыканцы 19 стагоддзя) - вуліца Інтэрнацыянальная
Самая старая паштоўка ў сённяшняй падборцы з відам на вуліцу Праабражэнская (да 1866 года - вуліца Зборавая, затым - Турэмная, а з 1882 - Праабражэнская). На пярэднім плане добра вядомы будынак гатэля “Еўропа”, тады яшчэ трохпавярховы. Удалечыні відаць Праабражэнская царква, перабудаваная з касцёла Святога Войцеха ў 1872 годзе.
Вуліца сёння выглядае вось так.
Вуліца Петпрапаўлаўская ў 1915 годзе - вуліца Энгельса ў 2024 годзе.
А вось вуліца, якую цяжка пазнаць на старым фота - гэта былая Петрапаўлаўская (аднайменны храм віднеецца ўдалечыні).
Сучасны ракурс, зараз - вуліца Энгельса і скрыжаванне з праспектам Незалежнасці.
Захар'еўская вуліца 1914 – праспект Незалежнасці сёння
Цэнтральны гарадскі праспект, добра знаёмы мінчанам і гасцям горада, у пачатку 20 стагоддзя выглядаў неяк так і меў зусім іншую назву - вуліца Захар'еўская.
Сучасны праспект пачалі будаваць у пачатку 50-ых гадоў.
Скрыжаванне Захар'еўскай і Петрапаўласкай - скрыжаванне Незалежнасці і Энгельса
На паштоўцы 1916 года можна ўбачыць скрыжаванне вуліц Захар'еўскай і Петрапаўлаўскай.
Сучасны ракурс выглядае зусім інакш.
Аляксандраўскі сквер 1930 - 2024
Губернатарскі парк, зараз Аляксандраўскі сквер, існуе ў Мінску з сярэдзіны 19 стагоддзя. На паштоўцы 30-ых гадоў бачны ўваход і газетны ларок, у ніжнім куце звернеце ўвагу на трамвай.
Парк захаваўся ў сваіх межах, а вось трамваі больш не ходзяць па гэтай вуліцы.
Нямігская (пасляваеннае фота) - вуліца Няміга 2024 года
Сярэдзіна 20 стагоддзя і цікавы ракурс з відам на вуліцу Нямігскую, Петрапаўлаўскі сабор, халодную сінагогу і вуліцу Ракаўскую. У 60-ых пачнецца грунтоўная перабудова гэтай часткі Мінска.
Фота 2024 года, амаль з таго ж ракурсу.
Цэнтральная плошча (сярэдзіна 50-ых) - Кастрычніцкая плошча 2024
На яшчэ адным пасляваенным здымку перад намі Кастрычніцкая плошча з відам на Палац прафсаюзаў і помнік Сталіну (быў і такі).
Сучасны выгляд амаль нічым не адрозніваецца, толькі манумент прыбралі.
Калі вам спадабалася гэтая падборка, то рэкамендую паглядзець яшчэ адну - "15 здымкаў старога і новага Мінска".