Сярод сямейства сініцыевых ярка вылучаецца птушка Чубатая сініца (Lophophanes cristatus), таксама вядомая як Гренадзёрка. Пазнаць гэтую птушачку досыць лёгка, як зразумела з назвы, яна вылучаецца прыкметным чорна-белым чубком.
У Беларусі сустракаецца амаль ва ўсіх рэгіёнах, пераважныя месцы рассялення - хваёвыя і яловыя лясы. Даволі часта збіваецца ў невялічкія зграйкі з каралькамі, альбо іншымі сінічкамі.
Памеры ў Lophophanes cristatus падобныя да іншай сінічкі - блакітніцы і ў сярэднім вар'іруюцца ад 12 да 14 сантыметраў. Рацыён харчавання таксама даволі тыпавы для сініцавых: розныя казуркі вясной і летам, а восенню і зімой - пераход на насенне і кармушкі.
У Чубатай сініцы светла-бурае брушка, верх - больш цёмны, лапкі і дзюба - амаль чорныя. На шчочках чорныя лініі, а сама галава ў птушкі белая з адценнямі шэрага.
За год Грэнадзёркі могуць двойчы даваць патомства, што цікава, у адрозненне ад іншых дробных птушак гэтыя часта самі выдзёўбваюць сабе гняздо ці дупло. Пачуць спевы чубатай сініцы лягчэй за ўсё ў пачатку вясны.
Самцы адрозніваюцца ад самак у асноўным памерамі чубка і насычанасцю ліній на шчоках, адрозніць іх здалёку будзе праблематычна.