Касцёл у цэнтральнай частцы горада з'яўляецца адной з галоўных славутасцяў Ашмян. Высокія пікі храма відаць здалёк, што служыць выдатным арыенцірам яшчэ на пад'ездзе.
Храм, які сустракае наведвальнікаў надпісам "Te deum laudamus" (пераклад з латыні "Усхваляем цябе, Гасподзь"), быў пабудаваны ў пачатку 20 стагоддзя.
Раней на месцы касцёла знаходзіўся больш старажытны храм. Невялікія памеры папярэдніка не маглі змясціць усіх вернікаў, што стала адной з галоўных прычын пашырэння і перабудовы храма.
Касцёлу святога Міхала ўласцівы рысы архітэктурнага стылю неабарока. Будаўніцтва гэтага храма ў Ашмянах пачалося ў 1900 годзе і вялося па праекце архітэктара Вацлава Міхневіча да 1910 года.
Каталіцкая парафія была зачынена ў 1948 годзе. У сценах будынка з 1964 года на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў знаходзіўся цэх завода.
За гэты перыяд аўтэнтычны інтэр'ер цалкам згублены, а ўсё што можна ўбачыць сёння - гэта заслуга рэстаўратараў.
Зазірнуўшы ў храм вы заўважыце масіўны драўляны крыж, які ляжыць тут з пачатку каранавіруснай пандэміі. З 90-ых гадоў, мясцовыя каталікі штогод наладжвалі пілігрымку на Ашмянскую “галгофу”, дзе ўсталёўвалі падобныя крыжы.
Вернікам касцёл вернуты ў 1989 годзе і амаль адразу пачалася яго рэстаўрацыя.
Дзякуючы намаганням жыхароў горада, касцёл адчыніў свае дзверы ўжо ў 1994 годзе і набыў новае жыццё. Храм лёгка знайсці, ён знаходзіцца на плошчы 17 Верасня, побач з Васкрасенскай царквой.
Ашмяны вельмі цікавы горад, у якім ёсць што паглядзець. Недалёка ад цэнтра захавалася аўтэнтычная сінагога 1912 года. Ледзь бліжэй да ўскраіны руіны касцёла францысканцаў, а таксама, у прыгарадзе Будзёнаўка, - драўляная сядзіба Стругачаў.