Цэнтральная славутасць гарадскога пасёлка Рось - Траецкі касцёл пачатку 19 стагоддзя. Аднак гісторыя гэтага храма пачынаецца раней, – яшчэ ў 1770 годзе, пры тагачасным уладальніку Росі – Іахіме Патоцкам. Менавіта ён распарадзіўся аб узвядзенні новага каменнага касцёла ўзамен старога драўлянага.
12 ліпеня 1808 года, касцёл у Росі быў урачыста асвечаны ксяндзом Францішкам Цыбульскім. Працы працягваліся сапраўды доўга, з вялікімі перапынкамі і ў выніку занялі каля 30 год. Затое храм атрымаўся прынамсі незвычайным па мерках класічнай архітэктуры.
Асобнай увагі варта вежа-званіца справа ад галоўнага ўвахода. Падобных збудаванняў у Беларусі зусім няшмат.
Двух'ярусную званіцу пабудавалі ў 1914 годзе. Па сваёй форме і архітэктуры часткова пераклікаецца з касцёлам, але мае і свае эклектычныя асаблівасці: арачныя праёмы, дэкаратыўнае афармленне і ўвагнуты фасад.
У адрозненне ад вежы фасад касцёла выглядае строга і крыху пуставата. Уваход упрыгожаны толькі трохкутным сандрыкам, над якім фрыз са складаным карнізам. Завяршаецца фасадная кампазіцыя атыкавым франтонам з паўцыркульным акном.
З адваротнага боку храма невялікая апсіда над якой таксама паўцыркульнае акно, але значна большых памераў.
За сваю больш чым 200-ю гісторыю касцёл святой Тройцы не закрываўся, нават у савецкі перыяд, падчас актыўнай барацьбы з рэлігіяй.
Касцёл размешчаны на вуліцы Карла Маркса ў самым цэнтры гарадскога пасёлка, ніжэй адзнака з кропкай на мапе:
Па суседстве з каталіцкім знаходзіцца і праваслаўны храм, а на старых могілках можна паглядзець неараманскую капліцу апошняга ўладальніка Росі па лініі Патоцкіх.