Пелішча - гэта аграгарадок Камянецкага раёна, Брэсцкай вобласці. Сёння тут пражывае крыху больш за тысячу чалавек, ёсць і галоўная славутасць - касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Гэты храм падыходзіць да свайго 100-гадовага юбілею. Яго гісторыя пачалася ў 1927 годзе, калі біскуп Зігмунд Лазінскі даў дазвол на будаўніцтва касцёла ў Пелішчы.

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў вёсцы Пелішча

Каталіцкі храм будаваўся на энтузіязме і сродках мясцовых жыхароў. Працы занялі некалькі гадоў і да 1934 года касцёл быў поўнасцю гатовы. Галоўным архітэктарам выступіў брэсцкі дойлід Браніслаў Нелюбовіч.

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў вёсцы Пелішча

Па форме гэты касцёл складана назваць тыповым для Беларусі, ён выкананы ў архітэктурным стылі мадэрн (прынамсі першапачатковы варыянт).

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў вёсцы Пелішча
крыніца: openborder.brsu.by

Храм аднавежавы і аднанефны, завяршаецца фігурнай вежкай. У 90-ыя будынак крыху перабудавалі, спрасціўшы архітэктуру, а таксама абтынкавалі. Акрамя таго на тэрыторыі паставілі металічную званіцу і невялічкую скульптуру Дзевы Марыі.

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў вёсцы Пелішча

У савецкі час касцёл Сэрца Езуса (Ісуса) не закрываўся, нават праводзіліся службы. Знайсці гэтую славутасць не складзе працы, храм стаіць у самым цэнтры аграгарадка Пелішча, побач з трасай, якая злучае Жабінку і Камянец.

Калі будзеце ў гэтых краях, то абавязкова наведайце Камянецкую вежу.

ПАКІНЦЕ АДКАЗ

Увядзіце ваш каментар
Ваша імя