Цэнтральная славутасць аграгарадка Новадзевяткавічы – гэта Петрапаўлаўскі касцёл і руіны званіцы. Будаўніцтва храма вялося ў канцы 18 стагоддзя па замове Тадэвуша Слізеня і яго жонкі Сафіі Чацвярцінскай. Праектам займаўся архітэктар Антоніа Кжэкзоці, вынікам працы якога стаў незвычайны барочны касцёл з багаццем цікавых элементаў.

Новадзевяткавічы

Той храм, які можна ўбачыць сёння, моцна адрозніваецца ад першапачатковага варыянту і даволі спрошчаны ў архітэктурным плане - усё гэта вынік перабудовы 1872 года. Тады з фасада збілі мармуровыя калоны, знеслі высокую вежу і знялі скульптуры.

Тагачасны ўладальнік маёнтка Дзевяткавічы, Альфрэд Слізень, актыўна спрабаваў вярнуць храм, пабудаваны яго продкамі, але на ўсе свае пісьмовыя заявы атрымліваў маўклівую адмову.

Касцёл Святых Пятра й Паўла ў Новадзевяткавічах.

З 1866 па 1921 гады храм быў праваслаўным, а затым да 1939 зноў каталіцкім. Падчас Другой сусветнай вайны касцёл заставаўся нядоўгі час дзейным, аднак у 1944 годзе будынак падпалілі. Мясцовыя жыхары саматугам аднавілі яго, але службы з 1947 года больш тут не праводзіліся, у сценах Новадзевяткавіцкага храма ўладкавалі склад для мінеральных угнаенняў.

Новадзевяткавічы Беларусь

У пачатку 2000-ых пачаліся сціплыя спробы аднавіць старадаўні касцёл, які калісьці будаваўся як фамільная капліца-пахавальня роду Слізняў.

Закладны камень Новадзевяткавічы

Асобнай увагі заслугоўвае званіца, пабудаваная адначасова з касцёлам у 1790 годзе. Высокае збудаванне можна смела назваць дамінантай аграгарадка Новадзевяткавічы.

Руіны ў Новадзевяткавічах

Вежа-званіца складаецца з 3 ярусаў, раней да яе муроў прымыкала яшчэ агароджа з бутавага каменя. Архітэктура гэтага будынка даволі нетыповая - пераход ад барока да класіцызму.

Што паглядзець у Новадзевяткавічах?

Руіны званіцы Новадзевяткавічы

Ледзь у аддаленні ад гэтага месца можна паглядзець старадаўнія могілкі, дзе захаваліся руіны 2 капліц - роды Слізняў і Каллупайла.

Новадзевяткавічы

Калі ехаць ад Слоніма па дарозе Н6348, то храм будзе адразу на ўездзе ў аграгарадок, ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:

Калі будзеце ў гэтых краях, то рэкамендую дадаць у маршрут Ружанскі палац і Косаўскі замак.

5 1 голас
Ацэніце артыкул
Падпісацца
апавяшчэння
0 Каментарыі
Убудаваныя водгукі
Паглядзець усе каментары