Каля Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра знаходзіцца цікавы будынак з даволі незвычайным франтонам. Цяпер тут размяшчаецца філіял “Priorbank”, але раней на гэтым месцы стаяў касцёл Узвышэння Святога Крыжа, пабудаваны пры кляштары ордэна кармелітаў.

На тэрыторыю Беларусі строгі манаскі ордэн кармелітаў прыйшоў у сярэдзіне 17 стагоддзі. Кляштараў будавалася не так шмат, як напрыклад базыльянскіх ці бернардынскіх, але каля 10 іх усё ж налічвалася. Гродзенскі лічыўся адным з найбуйнейшых. Таксама варта вылучыць Глыбоцкі, Мсціслаўскі і Засвірскі - храмы гэтых мясцін захаваліся да нашых дзён.
Першапачатковы касцёл і кляштар манахаў "босага ордэна" быў выкананы з дрэва. Аднак як часта бывала з драўлянымі пабудовамі - доўга яны не прастаялі і цалкам згарэлі ў пажары.
Пры падтрымцы Гарадзенскага старасты, у 1754 годзе пачынаецца будаўніцтва новага каменнага кляштара (у некаторых крыніцах згадваецца што работы вяліся яшчэ з 1736 года). Акрамя самога касцёла таксама пабудаваны і жылыя карпусы для манахаў.

Кармеліцкі касцёл у Гродне часта называецца адным з найпрыгажэйшых храмаў, выкананых у архітэктурным стылі віленскага барока. Адна з прычын - мастацкі франтон на галоўным фасадзе, які цалкам можна назваць наватарскім для свайго часу.

Другая палова 18 стагоддзі для кармелітаў лічыцца паспяховай: вялася актыўная асветніцкая дзейнасць, пашыралася бібліятэка, навучаліся дзеці. Сітуацыя кардынальна змянілася пасля вайны 1812 года. Тады касцёл і кляштар моцна пацярпелі падчас баёў за пераправу праз Нёман. Аднаўлялі іх павольна, бо рэсурсаў на гэта не хапала.
У 1843 годзе Гродзенскі кляштар ордэна кармелітаў закрываюць, а комплекс будынкаў перадаюць у ваеннае ведамства. У гэты перыяд у сценах храма размяшчаецца мясцовая турма, гучалі нават планы аб поўнай перабудовы пад гарадскі суд. Аднак па выніку, да 1906 года, касцёл наўпроста разабралі да падмурка, а на яго месцы ўзвялі кашары. На здымках часоў Першай сусветнай вайны перыядычна мільгае ўжо перабудаваны фасад і новыя кашары.

У 1937 годзе кармеліцкія манахі рабілі спробы атрымаць дазвол адбудаваць касцёл і кляштар, але атрымалі ўзамен прапанову будавацца ў іншым месцы.
У 1994 годзе былыя кашары вырашылі рэканструяваць і часткова вярнуць будынку аблічча таго самага старажытнага касцёла Узвышэння Святога Крыжа.
Ёсць і цікавы факт. У падзямеллях, якія захаваліся з часоў кляштара, з 1972 года працаваў мясцовы бар "Яма". Па ўспамінах мясцовых жыхароў атмасфера там была што трэба, а старадаўнія катакомбы толькі дадавалі антуражу.
Паглядзець на гэтую гарадскую славутасць можна па адрасе Маставая 37ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
У крокавай адлегласці ад гэтага месца размяшчаецца касцёл Францішка Ксаверыя - адзін з найпрыгажэйшых храмаў Беларусі.