Велічна ўзвышаюцца на ўзгорку руіны касцёла якія нагадваюць пра забытую гісторыю Ашмянаў. У пачатку 16 стагоддзя старая частка горада (яна называлася Правабярэжнай) аддадзена францысканцам – каталіцкаму ордэну манахаў, заснаванаму Францішкам Асізскім. Іх стараннямі збудаваны драўляны касцёл, асвечаны імем Дзевы Марыі, на месцы якога затым будзе адбудаваны ўжо каменны варыянт.
У адной са шматлікіх войн, якія адбыліся на нашых землях, храм моцна пацярпеў. Агнём былі знішчаны манастырскія пабудовы францысканцаў, а сам касцёл выгарэў амаль цалкам.
Манахі даволі хутка здолелі аднавіць свой комплекс на старым падмурку. Новы касцёл уяўляў сабой збудаванне ў будаўніцтве якога выкарыстаны камень і дрэва, з рысамі гатычнай архітэктуры.
Аднак і гэты храм напаткаў сумны лёс - у 1812 годзе ён разбураны, як мяркуецца, французскімі салдатамі.
Як разумееце манахі-францысканцы не здаліся і чарговае аднаўленне прыйшлося на 1822 год, але ў гэты раз будынак ужо перабудавалі цалкам з цэглы. Менавіта руіны касцёла таго перыяду можна ўбачыць сёння.
Побач з храмам размяшчаўся і сам кляштар францысканцаў, але яго пабудовы да нашых дзён не дайшлі. У 1832 годзе дзейнасць каталіцкага ордэна забаранілі, а манахаў выгналі.
Усё, што засталося ад магутнага касцёла - высокія сцены з вузкімі аконнымі праёмамі, месцамі парослыя травой. На фасадзе віднеюцца калоны з франтонам і цагліна, якая абсыпаецца. Унутры нічога не захавалася, пустата і толькі гуляе вецер.
Нягледзячы на свой даволі закінуты выгляд, былы касцёл застаецца рэлігійным аб'ектам горада. Месца, дзе знаходзяцца руіны, жыхары празвалі «Ашмянскай Галгофай» і кожны год сюды накіроўваецца своеасаблівая пілігрымка. Каталікі нясуць велізарны крыж з касцёла святога Міхала і ўсталёўваюць на гары. Такая традыцыя ў Ашмянах існуе з пачатку 90-ых.
Знайсці гэтую гарадскую славутасць будзе проста, арыенцір - раённая бальніца, ніжэй кропка з размяшчэннем на мапе:
Акрамя гэтага закінутага храма ў Ашмянах абавязкова наведайце унікальную сінагогу. Таксама рэкамендую з'ездзіць у Гальшаны і Баруны.