Фашчаўка - гэта даволі буйная вёска ў Шклоўскім раёне, Магілёўскай вобласці. Першыя згадкі мястэчка ў летапісе адносяцца да 17 стагоддзя, тады – уладанне Жыгімонта III Вазы. Нажаль галоўная і самая важная славутасць у Фашчаўцы да нашых дзён не захавалася - касцёл Спаслання Святога Духа (у некаторых крыніцах касцёл Панны Марыі). Як выглядаў барочны касцёл, можна ўбачыць на малюнке Напалеона Орды, а таксама на старых здымках першай паловы 20 стагоддзя.
Езуіцкі Касцёл у Фашчаўцы пачалі будаваць у 1756 годзе, на месцы драўлянага храма-папярэдніка. Працы ішлі цяжка і занялі каля 12 гадоў, па чутках у манахаў-езуітаў у самым канцы будаўніцтва ўжо не хапала грошай і іх папрасілі ў самой каралевы ангельскай.
У 1768 годзе касцёл урачыста адкрылі, на той момант гэта быў адзін з самых высокіх храмаў на тэрыторыі Беларусі.
Ёсць цікавы факт: цэглу для храма выраблялі ў суседняй вёсцы Гарадзішча, а каб даставіць матэрыял на будоўлю рабочыя перадавалі яго адзін аднаму, выстраіўшыся ў вялізны ланцужок.
Па сваёй архітэктуры Фашчаўскі касцёл быў яскравым прыкладам стылю позняга барока. Меў дзве чатырох'русныя вежы, складаны фасад упрыгожаны карнізамі, арачнымі нішамі і фальш-калонамі. Па баках размяшчаліся высокія сакрыстыі, якія надавалі аб'ёму храма форму крыжа.
Цікава, што манахі-езуіты з самога Рыма нават прывезлі ў Фашчаўку мошчы Святога Сімпліцыяна. Калона у гонар аб гэтым святым усталявана на мясцовых могілках.
Касцёл не зачыняўся ў 19 стагоддзі, нават пасля паўстання 1863 года, як было з многімі іншымі каталіцкімі храмамі, а дзейнічаў аж да 1937 года.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны храм спрабавалі перарабіць пад клуб, але гэтую ідэю мясцовыя жыхары ўспрынялі дрэнна. У выніку будынак стаяў у напаўзакінутым выглядзе каля 20 гадоў, пакуль не прыйшоў загад яго ўзарваць.
Касцёл чатыры разы спрабавалі падарваць, але сцены не паддаваліся. Таму былі выкліканы спецыялісты з Санкт-Пецярбурга, якія 25 снежня, 1967 года, узарвалі храм пры дапамозе 150 зарадаў.
Так скончылася гісторыя гэтага манументальнага збудавання. На месцы дзе размяшчаўся касцёл Спаслання Святога Духа ўстанавілі памятны крыж.
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю заехаць у горад Шклоў, дзе зможаце паглядзець унікальныя гандлёвыя рады з ратушай.