Галоўная славутасць у аграгарадку Друя - гэта старадаўні Траецкі касцёл разам з корпусам былога кляштара ордэна бернардынцаў. Яшчэ ў першай палове 17 стагоддзя, па рашэнні тагачаснага ўладальніка Казіміра Льва Сапегі, у Друю запрошаны манахі-бернардынцы. На яго ж сродкі ў 1643 годзе пачынаецца праца па ўзвядзенні барочнага касцёла і жылога корпуса.
Месца для будаўніцтва манастыра было абрана ўдала - узвышша на беразе Заходняй Дзвіны. Недалёка размяшчаўся Друйскі замак і галоўны тракт, якой вядзе ў горад.
Касцёл разам з манастырскім корпусам утварае адзінае цэлае. Вонкавая архітэктура даволі строгая і без адмысловых дэкаратыўных вынаходстваў, што адлюстроўвае стылістыку ранняга барока.
Сам касцёл – трохнефная базіліка з прыгожым унутраным убраннем, якое па стылістыцы адносіцца да архітэктуры ракако і позняга барока. Багацце роспісу і пілястраў на сценах, багатае дэкаратыўнае афармленне і высокія скляпенні цэнтральнага нефа пакідаюць па-сапраўднаму моцнае і прыемнае адчуванне ад знаходжання ў гэтым храме.
Манастыр бернардынцаў па загадзе ўладаў зачынілі ў 1852 годзе, але будынак храма не адабралі ў каталікоў, пакінуўшы яго дзейным парафіяльным касцёлам.
Кожны алтар у Друйскім касцёле з'яўляецца сапраўдным творам мастацтва. Цэнтральны адносіцца да сярэдзіны 18 стагоддзя.
Чатыры бакавыя алтары, маладзейшыя, датуюцца 1779 годам.
За сваю доўгую гісторыю касцёл бачыў мноства падзей, некаторыя з якіх паўплывалі і на ягоную архітэктуру. Так высокая чатырох'ярусная вежа-званіца дабудавана да асноўнага аб'ёму ў 1772 годзе.
Брама манастырскага комплексу пабудавана ў 1778 годзе.
У пачатку 20 стагоддзя ў сценах кляштара размясціліся манахі марыянскага ордэна. Яны ў асноўным займаліся асветніцкай дзейнасцю, іх намаганнямі ў 1924 годзе адкрыта школа (якая пазней стала гімназіяй).
У час вайны ўвесь комплекс моцна пацярпеў. У некаторых крыніцах ёсць нават інфармацыя аб тым, што ў касцёл было прамое трапленне артылерыйскага снарада, які грунтоўна пашкодзіў сцены.
З 1947 года на базе былога кляштара працавалі розныя адукацыйныя ўстановы. Спачатку – Друйскае сельскагаспадарчае вучылішча, потым філіял Полацкага тэхнікума, а пасля каледж меліярацыі. Вернікам касцёл вярнулі ў 1989 годзе, - будынак чакала доўгая рэстаўрацыя, якая шмат у чым закранула ўнутранае ўбранне.
Унікальны помнік архітэктуры знаходзіцца амаль у самым цэнтры аграгарадка, адразу за былой сядзібай Мілашаў. Ніжэй адзнака з размяшчэннем на мапе:
Друя багата на цікавыя месцы. Паглядзіце таксама на руіны храма святых Пятра і Паўла, зазірніце да Дабравешчанскай царквы, агледзіце гістарычную забудову цэнтра, паспрабуйце знайсці месца дзе знаходзілася старадаўняя сінагога.