Друя – гэта багатае на гісторыю месца з вялікай колькасцю гістарычных помнікаў. Нажаль некаторыя з іх да нашых дзён не дайшлі, а захаваліся толькі на старых здымках і ў артыкулах кніг. Адзін з такіх помнікаў знаходзіўся недалёка ад Траецкага касцёла, – гэта каталіцкі храм святога Антонія Падуанскага пры кляштары дамініканцаў.

Касцёл будаваўся ў канцы 17 - пачатку 18 стагоддзя, калі ў Друю прыбылі з асветніцкай місіяй манахі-дамініканцы. Першапачаткова храм і кляштар былі драўляныя, але да 1773 года поўнасцю перабудаваны з каменя.
Для праектавання новага касцёла запрасілі італьянскага архітэктара Антонія Парака, які дарэчы адказваў і за працы па ўзвядзенні касцёла Дзевы Марыі на іншым беразе Заходняй Дзвіны, у Піедруі.

Касцёл святога Антонія Падуанскага меў рысы папулярнага на той момант архітэктурнага стылю віленскага барока. Уяўляў сабой двухвежавую базіліку з прыбудаваным жылым корпусам.

Друйскі кляштар дамініканцаў зачынілі ў 1832 годзе, а будынак касцёла перадалі праваслаўнай царкве. Верагодна праваслаўных храмаў на той момант у Друі хапала і ўжо да канца 19 стагоддзі былы касцёл знаходзіўся ў закінутым выглядзе. Паціху яго сталі разбіраць на цэглу, а ў 1909 годзе вырашылі і зусім падарваць.
Аднак дужы векавы мур так лёгка не паддаўся і яшчэ запатрабаваліся доўгія гады, каб канчаткова дэмантаваць гэты падмурак.
Крыху даўжэй чым касцёл прастаяла барочная брама-званіца.

Нейкі час яе нават выкарыстоўвалі для правядзення службаў, але пасля завяршэння Другой сусветнай вайны пабудова разбурана. Сёння на гэтым месцы ўжо не засталося і следа ад былых манастырскіх будынкаў.
З-за таго што дамініканская вежа знаходзілася ўсяго за нейкія 20 метраў ад званіцы Петрапаўлаўскай царквы іх часта блытаюць і прымаюць за адзін і той ж будынак.


Дакладнае месца дзе знаходзіўся касцёл святога Антонія Падуанскага усталяваць даволі складана, меркаваны варыянт ніжэй на мапе:
У цэнтральнай частцы Друі калісьці была і сінагога. Шпацыруючы па аграгарадку паглядзіце Дабравешчанскую царкву, якую зараз актыўна аднаўляюць.