У старой частцы Віцебска, на скрыжаванні сённяшняй вуліцы Леніна і Суворава, раней знаходзіўся масіўны касцёл святога Антонія Падуанскага. У часы калі храм яшчэ не быў разбураны гэты ўчастак горада называўся Ратушнай плошчай. На здымку, зробленым з вежы ратушы, добра бачна як плошча выглядала ў другой палове 19 стагоддзя. Справа - Васкрасенская царква, удалечыні – былы кляштар езуітаў і сабор святога Мікалая, а злева якраз Антоніеўскі касцёл.

Віцебск стары здымак горада
крыніца: ВОКМ, 1873 год

На фота ніжэй абведзена месца дзе размяшчаўся храм, у 90-ыя тут пабудавалі фантан "Зліццё трох рэк".

Дзе знаходзіўся касцёл святога Антонія Падуанскага ў Віцебску

Касцёл будавалі пры кляштары бернардынцаў, які з'явіўся ў Віцебску яшчэ ў 1676 годзе. Першапачатковы варыянт храма, як і манастырскія карпусы, узвялі з дрэва. Доўга яны не прастаялі і былі знішчаны пажарам у 1733 годзе. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца гісторыя мураванага касцёла, які пачалі будаваць на месцы свайго папярэдніка ў 1737 годзе.

Страчаная спадчына Віцебска - Бернардынскі касцёл.
Здымак з калекцыі Віктара Барысёнка. Зроблены да 1939 года

Працы ішлі цяжка і занялі каля 30 гадоў. У выніку гэтага атрымаўся двухвежавы барочны касцёл з нетыпова шырокім фасадам.

Страчаная спадчына: касцёл Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску
Здымак з калекцыі Віктара Барысёнка. Прыкладна 1941 год

Па сваёй архітэктуры і форме ён блізкі да іншага бернардынскага храма Беларусі - Будслаўскага.

Страчаныя славутасці Віцебска

Кляштар бернардынцаў у Віцебску скасавалі ў 1832 годзе, каталіцкі храм зачыняць не сталі, але зрабілі яго звычайным парафіяльным. У такім фармаце ён працаваў да 1920 году.

Затым касцёл святога Антонія Падуанскага ў вернікаў забралі, а ў яго сценах ужо крыху пазней размясціўся музей атэізму. У ім нейкі час нават выстаўляліся мошчы Еўфрасінні Полацкай, канфіскаваныя са Спаса-Еўфрасіннеўскага кляштара Полацка.

Старыя здымкі Віцебска

Як выглядаў касцёл Бернардынцаў унутры.

Да канца вайны касцёл і манастырскія пабудовы былі часткова разбураны і патрабавалі капітальнага рамонту, ішлі актыўныя спрэчкі як след паступіць з гэтымі будынкамі.

Дзе знаходзіўся бэрнардынскі касцёл у Віцебску?
Крыніца: Баберскі В. З гісторыі касцёла бернадзінцаў у Віцебску. Прыкладна 1944 год

Кампраміснага рашэння знайсці не змаглі і 4 мая 1961 года руіны касцёла канчаткова разабралі.

Ратушны пляц Віцебска - старае фота.
Здымак канца 50-ых гадоў, з калекцыі – Канстанціна Дурыхіна.

Ёсць некалькі даволі цікавых фактаў, звязаных з гэтым храмам. У 1917 годзе, касцёл святога Антонія Падуанскага адлюстраваў на сваёй карціне "Рынкавая плошча Віцебска" легендарны мастак Марк Шагал. А праз 100 гадоў, у 2017 годзе, Міністэрства культуры Беларусі адобрыла эскізнае рашэнне па аднаўленні гэтай унікальнай славутасці. Хто ведае, можа, калі-небудзь гэты велічны касцёл вернецца на сваё законнае месца ў Віцебску.

Што яшчэ паглядзець у горадзе? Рэкамендую прагуляцца да Дабравешчанскай царквы, якую аднавілі на падмурку храма 12 стагоддзя. Цікава будзе ўбачыць і Варварынскі касцёл з рысамі неагатычнага і неараманскага стылю архітэктуры.

ПАКІНЦЕ АДКАЗ

Увядзіце ваш каментар
Ваша імя