З першага погляду і не скажаш, але Дзярэчын, Зэльвенскага раёна, - старажытнае мястэчка з 600-гадовай гісторыяй. Акрамя класічных славутасцяў накшталт царквы і неагатычнага касцёла ў аграгарадку ёсць і таямнічыя страчаныя аб'екты - кляштар дамініканаў і палац роду Сапегаў. Абодва гэтыя збудаванні размяшчаліся ў самым цэнтры Дзярэчына і фармавалі забудову. Дзякуючы старым здымкам і малюнкам сёння мы можам даведацца як выглядалі гэтыя пабудовы.

Страчаная спадчына Беларусі: кляштар у Дзярэчыне
Малюнак Напалеона Орды 1877 года. На ім бачны ўжо часткова разабраны на цэглу касцёл.

Хоць Дзярэчын і называюць адной з галоўных рэзідэнцыяй Сапегаў, але і да іх былі вядомыя ўладальнікі. Так кляштар ордэна дамініканаў з барочным касцёлам пабудаваны ў пачатку 17 стагоддзя пры падтрымцы Палубінскага Канстанціна Аляксандравіча, пісара і маршалка Слонімскага. Першапачаткова гэты комплекс быў выкананы з дрэва, але да 1690 перабудаваны з цэглы.

Месца, дзе быў Дамініканскі касьцёл у Дзярэчыне.

Як выглядаў манастыр у Дзярэчыне.
Здымак зроблены прыблізна ў 1913-20; з калекцыі Kazimier Lachnovič, з сайта be-tarask.wikipedia

У 1742 годзе касцёл у Дзярэчыне пераасвячоны ў гонар Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, відаць, той перыяд быў росквітам і максімальным уздымам кляштара.

Страчаная спадчына Дзярэчына
Пад зямлёй на месцы кляштара ўсё яшчэ застаецца падмурак і крыпта касцёла

Вядома, што кляштар дзейнічаў да 1832 года, пасля чаго зачынены. Дзярэчынскі касцёл праіснаваў да 1863 (магчыма 1867) года, пасля чаго быў нечакана знішчаны пажарам. Мясцовыя вернікі хадайнічалі аб будаўніцтве новага каталіцкага храма, але ім у гэтым было адмоўлена.

Страчаная спадчына Дзярэчына
Погляд на карпусы з боку новага касцёла, старое фота першай паловы 20 стагоддзя, крыніца: be-tarask.wikipedia.org (Kazimier Lachnovič)

Манастырскія карпусы і незвычайная вежа-званіца прастаялі ў Дзярэчыне даволі доўга - іх разабралі ўжо ў пасляваенныя гады.

Дзярэчынскі дамініканскі манастыр
Выгляд з боку галоўнай вуліцы (добры арыенцір на мясцовасці новы неагатычны касцёл)
Гісторыя аграгарадка Дзярэчын
На гэтым месцы знаходзіўся кляштар і касцёл у Дзярэчыне

Сёння на месцы старажытнага кляштара размяшчаецца Сапегаўскі парк, ёсць інфармацыйныя шыльды, а таксама 2 памятныя курганы. Больш падрабязна пра страчаную гісторыю Дзярэчына можна даведацца ў мясцовым музеі, там жа ёсць калекцыя старых здымкаў.

Палац у Дзярэчыне на карціне Напалеона Орды.
Яшчэ адна карціна Напалеона Орды, на ёй намаляваны палац і кляштар

Цікаўна, што і на гэтым таямніцы Дзярэчына не сканчаюцца. Вядома што каля вежы касцёла размяшчалася мемарыяльная калона (бачна на здымку ніжэй), але што незвычайна, у мястэчку падобных калон было як мінімум 3. Захавалася толькі адна, тая, што ў вёсцы Алексічы.

Калона каля касцёла ў Дзярэчыне.

Разбураны касцёл у Дзярэчыне

Ніжэй кропка з адзнакай месца, дзе знаходзіўся дамініканскі касцёл і кляштар:

Калі будзеце ў гэтых краях, то рэкамендую з'ездзіць паглядзець на касцёл у Зэльве і былы палац Радзівілаў у Дзятлаве.

ПАКІНЦЕ АДКАЗ

Увядзіце ваш каментар
Ваша імя