Асава – гэта невялічкая вёска Воранаўскага раёна, якая знаходзіцца паміж аграгарадком Пагародна і вёскай Бастуны. Са славутасцяў тут хочацца вылучыць касцёл Святога Георгія (у шматлікіх крыніцах - Юрыя, але шыльда на сцяне храма ўказвае што ўсё ж такі Георгія). Касцёл адносіцца да першай паловы 20 стагоддзі і адразу адзначу, што па магчымасці паспрабуйце зазірнуць унутр – вас чакае шыкоўны роспіс і ўнікальны інтэр'ер (у мяне на жаль не атрымалася, таму без фота).

Асава, Беларусь

Першы драўляны касцёл у Асаве пабудавалі ў сярэдзіне 17 стагоддзя, калі гэтымі землямі валодаў Казімір Францкевіч-Радзімінскі, менавіта ён са сваёй жонкай выступілі ініцыятарамі і спонсарамі ўзвядзення храма.

Касцёл Святога Юр'я ў Асава.

Касцёл у вёсцы Асава

Наступны касцёл на гэтым месцы датуюцца 1732 годам, у тыя часы мястэчка Асава належала Радзівілам. Храм узору 18 стагоддзя моцна перабудавалі ў далейшай гісторыі – дэмантавалі вежы, выяву таго старога касцёла можна ўбачыць на фота Яна Бальзункевіча ніжэй.

Старое фота касцёла ў Асава
1900 год, крыніца: архіў галерэі NOVA

Як бачыце, агароджа і брама засталіся ў спадчыну новаму мураванаму касцёлу. А вось драўляная вежа-званіца не захавалася.

Неагатычныя касцёлы Беларусі - вёска Асава

Будаваць неагатычны касцёл пачалі ў 1903 годзе, а архітэктарам праекта выступіў нейкі Лукіян Кабылінскі. Работы занялі амаль 7 гадоў і былі скончаны ў 1910 годзе.

Неагатычная архітэктура Беларусі

У архітэктуры касцёла Святога Георгія вылучаецца трохкутны франтон з надбудаванай вежай-званіцай. Храм пабудаваны з жоўтай цэглы, а таксама дэкараваны буйнымі абчасанымі бутавымі валунамі. Сцены рассякаюць высокія арачныя вокны, па баках будынка размяшчаюцца сіметрычныя сакрыстыі.

Храм у вёсцы Осава

Апсіда каля касцёлу зусім невялікая, 5-гранная, калі будзеце ехаць з боку трасы Р135 – спачатку ўбачыце якраз заднюю частку храма.

Касцёл Святога Юрыя ў вёсцы Асава

Што цікава, у храме ўсталяваны арган, які гучаў яшчэ ў старым драўляным храме больш за 100 гадоў таму. Ніжэй кропка з размяшчэннем гэтага аб'екта на мапе:

У Воранаўскім раёне рэкамендую таксама паглядзець касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і драўляны храм Сэрца Езуса ў Канвелішках.

ПАКІНЦЕ АДКАЗ

Увядзіце ваш каментар
Ваша імя