Вердамічы - гэта сярэдняга памеру аграгарадок у Свіслацкім раёне, размешчаны паміж Ваўкавыскам і Поразава. З пункту гледжання славутасцяў мястэчка цікава спадчынай роду Талочкаў, якім Вердамічы належалі з 1817 года. Менавіта ў той час Юльян Эдуардавіч Талочка набыў маёнтак у Юрыя Булгарына. Пры іх была пабудавана прыгожая сядзіба, якая па архітэктуры чымсьці нагадвае дом дэ Вірыёнаў у Лішках. У канцы 19 стагоддзі збудаваны бровар, руіны якога можна ўбачыць і сёння. Аднак лепш за ўсё ў Вердамічах захавалася фамільная пахавальня Талочкаў.
Гэтая неагатычная каплічка будавалася ў 1905-06 гадах па праекце Тадэвуша Стружэньскага на ўскраіне пейзажнага парка. Ад сядзібы да гэтай пахавальні вяла ліпавая алея.
Першапачатковы праект капліцы адрозніваўся ад таго выгляду, які мы можам убачыць зараз. Будынак меў высокую вежку са шпілем, выражаны вімперг, складаны скатны дах, а перад уваходам знаходзіўся кругавы газон.

Так як у савецкі час капліца стаяла напаўзакінутай, то многія архітэктурныя элементы былі страчаны. У пачатку 90-ых праведзена рэканструкцыя, дзякуючы якой будынак захавалі, хоць і ў спрошчаным выглядзе.
Над уваходам звярніце ўвагу на рэльефны карніз з шыльдай на якой толькі адно слова на польскай мове -"SУNOWI", што азначае "Сыну". Лічыцца, што будаўніцтва капліцы вялося ў памяць аб адным з загінуўшых сыноў Юліяна Талочка.
Былую капліцу-пахавальню пасля рэканструкцыі планавалі выкарыстоўваць як касцёл.
Знайсці гэты турыстычны аб'ект можна адразу на ўездзе ў Вердамічы, ніжэй кропка з адзнакай на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то рэкамендую паглядзець унікальныя касцёлы ў Гнезна і Мсцібава.