На ўездзе ў Ляхавічы, з боку Баранавіч, увагу прыцягваюць буйныя могілкі, дзе праглядаюцца руіны. Пры больш дэталёвым аглядзе высвятляецца, што гэта капліца-пахавальні Солтанаў і больш сціплая пабудова - надмагілле Дамініка Рэйтана. Абодва прозвішчы добра вядомыя, у Рэйтанаў быў багаты маёнтак у Грушаўцы, а ў Солтанаў у Мураване і Старых Жыткавічах.
Каплічка Солтанаў разбураецца, але тут захавалася пліта з інфармацыяй, якая дае і магчымую дату заканчэння будаўніцтва - 1832 год.
На шыльдзе выдзелена імя Ігнація Солтана, магчыма для яго і пабудавалі капліцу.
Па суседстве з капліцай ёсць і надмагілле Солтанаў.
Капліца-надмагілле Дамініка Рэйтана знаходзіцца справа ад храма Узвіжання Крыжа Гасподняга, крыху ў глыбіні могілак.
Дамінік Рэйтан – гэта ўнук Тадэвуша Рэйтана, валодаў не толькі маёнткам Грушаўка, але і суседнімі вёскамі Панкаўцы, Рачканы і Гаслаўшчыны. Капліца пабудавана адразу пасля смерці Дамініка ў 1851 годзе.
Ніжэй кропка з адзнакай пахавальні на мапе:
У Ляхавічах будзе цікава прагуляцца па цэнтральнай частцы горада і паглядзець месца, дзе стаяў замак.