Ідолта - гэта аграгарадок Мёрскага раёна, размешчаны каля аднайменнага возера. Цікава, што дакладнай інфармацыі адкуль узялась гэтая прыгожая назва няма. Затое вядома аб першых уладальніках мястэчка - гэта род Рудамінаў-Дусяцкіх, герба "Трубы". Ад іх Ідолта перайшла да Сапег, у якіх былі шырокія ўладанні ў гэтых краях з сапраўдным замкам у Друі. Затым, у 1825 годзе, Францішак Сапега прадаў маёнтак Іосіфу Мілашу, з прозвішчам якога і будзе асацыявацца Ідолта аж да 1917 года. Пры Мілашах была пабудавана класічная сядзіба, а таксама капліца-пахавальня на паўвостраве.
Сядзібны будынак скончылі будаваць у 1860 годзе, працамі загадвалі сыны Іосіфа Мілаша. Праз некалькі гадоў, да 1862 года, пабудавана і фамільная капліца-пахавальня.
Ініцыятарам выступіў Яўген Мілаш, які будаўніцтвам хацеў ушанаваць памяць сваёй памерлай жонкі – Эміліі Таргонскай.
Па архітэктуры капліца мае ярка выяўленыя рысы позняга класіцызму. Галоўны фасад вылучаецца традыцыйным для гэтага архітэктурнага стылю трохкутным франтонам.
Сцены прарэзаны фальш-калонамі і карнізам, а над уваходам дэкаратыўнае акно-ружа.
Над дахам узвышаецца невялічкая драўляная вежка, хутчэй за ўсё яна будавалася ў пазнейшы час, магчыма нават у 90-ыя. На старым здымку 30-ых гадоў добра бачна, што першапачаткова гэтая званіца была каменнай.
У гэтым магільным склепе было пахавана шмат прадстаўнікоў роду Мілашаў, у тым ліку і Яўген (будаўнік сядзібы), які памёр у 1908 годзе.
У савецкі час капліцу апаганілі і разрабавалі. Па запісаных успамінах мясцовых жыхароў былі разбіты магільныя пліты ў крыпце, а бравыя бязбожнікі-вандалы гулялі ў футбол з чэрапам аднаго з Мілашаў. У гэтай гісторыі ёсць і сумны (ці хутчэй павучальны?) працяг. Двое з тых вандалаў трагічна памерлі на працягу наступнага года. Адзін утапіўся ў возеры, а другі разбіўся на матацыкле.
Ідоўцкая капліца даволі доўга выкарыстоўвалася як складское памяшканне для ўгнаенняў. У канцы 20 стагоддзя вернута вернікам і адноўлена.
Побач з капліцай ёсць драўляны масток, які злучае аграгарадок Ідолта з суседняй вёскай Мілашова.
Сам сядзібны будынак Мілашаў, як і капліца-пахавальня, мае рысы класічнай архітэктуры. Па форме прастакутны, аднапавярховы, цэнтральная частка дома з драўлянай мансардай і невялікім порцікам.
У 2005 годзе сядзібу пачалі аднаўляць, а пасля 3-гадовага рамонту, у сценах абноўленага будынка размясцілася мясцовая адміністрацыя і бібліятэка.
Знайсці гэтыя славутасці будзе нескладана. Ад касцёла Маці Божай Шкаплернай рухайцеся па вуліцы Лясная, сядзібны дом будзе злева, а капліца знаходзіцца справа - бліжэй да возера.
У гэтых краях таксама рэкамендую паглядзець касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мёрах. Калі дазваляе час, то можна адправіцца ў вёску Асада-Дзедзіна і зірнуць на руіны сядзібы Рудніцкіх.