Заўсёды цікава паглядзець як змяняецца архітэктура і забудова горада на працягу доўгага часу. У гэтым допісу сабраў унікальныя паштоўкі першай паловы 20 стагоддзя, на якіх захаваны стары горад Гродна і яго культавыя аб'екты. Каб была магчымасць супаставіць "да і пасля" пастараўся зрабіць фота з падобных ракурсаў.
*Усе паштоўкі адсканаваныя з кнігі "Падарожжа ў часе" Уладзіміра Ліхадзедава.
Савецкая плошча (Саборная/Ратушная)
На заднім плане бачны нязменны сімвал Гродна - касцёл Францішка Ксаверыя, а на пярэднім - будынак ратушы і гандлёвыя рады, якія да нашых дзён не захаваліся.
Вуліца Карла Маркса (Купечаская)
У цэнтры здымка - касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны пры кляштары брыгітак.
На наступнай паштоўцы ўвагу прыцягвае 3-ярусная вежа-званіца. На яе месцы зараз нічога няма, толькі невялічкі кветнік.
На адной са старых паштовак, зробленай яшчэ да 1915 года, ёсць цікавы ракурс Фарнага касцёла. На ім ёсць магчымасць паглядзець не на фасад храма, а на яго апсіду і карпусы езуіцкага кляштара.
Былы касцёл кармелітаў
З вуліцы Маставой адкрываецца від на месца, дзе раней знаходзіўся касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Да нашых дзён гэты храм не дайшоў, ёсць толькі стылізаваны фасад, але падабраць ракурс са старой паштоўкі ўсё яшчэ магчыма.
Вуліца 1 Мая (Кірхавая, Алея 3 Мая)
У Гродне варта ўбачыць Лютэранскую кірху, выява якой неаднаразова размяшчалася на паштоўках розных перыядаў.
На заднім плане звернеце ўвагу на будынак былой вучэльні Цэсарэвіча Аляксея. Абодва культавыя збудаванні захаваліся.
Мост паміж замкамі
Незвычайная паштоўка сярэдзіны 20-ых гадоў мінулага стагоддзя, на якой сфатаграфаваны мост, які злучае Стары і Новы замак. У адной з арак бачны касцёл Панны Марыі Анёльскай, які пабудаваны пры кляштары францысканцаў, размяшчаецца на іншым беразе Нёмана.
Стары замак
Адно з культавых збудаванняў Гродна - гэта вядома Стары замак, гісторыя якога поўная загадак і таямніц. Складана ўявіць колькі разоў гэты аб'ект перабудоўваўся. Затое, дзякуючы старой паштоўцы мінулага стагоддзі, можна даведацца як выглядаў Стары замак у 30-ыя гады.
І яшчэ адзін ракурс.
Вуліца Элізы Ажэшкі
Невялікі аднапавярховы дом па вуліцы Элізы Ажэшкі добра знаёмы не толькі жыхарам Гродна, але і многім прыезджым. Сёння ў сценах будынка размяшчаецца аднайменны музей, прысвечаны вядомай пісьменніцы.
Часта на старых паштоўках размяшчалі выявы і цалкам радавых будынкаў, напрыклад вось здымак пошты на скрыжаванні вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай.
Плошча Тызенгаўза
"Крывая" афіцына Гродна, таксама вядомая як музычная. Увага на старажытнай паштоўцы прыцягвае манумент - гэта помнік Незалежнасці.
Погляд на замкі з боку Нёмана
Ніжэй не самая яркая і ўнікальная паштоўка з выявай горада, але цікавая тым, што на ёй добра відаць якую трансфармацыю праходзілі гродзенскія замкі і набярэжная.
Іншы бок - Бернардынскі касцёл і старадаўні бровар.
Былы маёнтак Станіславава
Часам на паштоўках (та што ніжэй зроблена да 1910 года) здымалі сядзібы і палацы. Фатографы таго часу не маглі абысці бокам і прыгожы маёнтак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіславава.