Адна з славутасцяў Століна - парк "Манькавічы", тэрыторыя якога раней не ўваходзіла ў мяжы горада, а адносілася да суседняй аднайменнай вёскі. Цікава, што першыя згадкі пра Манькавічы знойдзены ў актах канца 14 стагоддзя. Тады мястэчка было ўладаннем князя Фёдара Яраслававіча. Аднак куды больш значны гістарычны перыяд пачынаецца з сярэдзіны 16 стагоддзя, калі кароль Жыгімонт Аўгуст падарыў Давыд-Гарадок (куды ўваходзіў фальварак Манькавічы) Мікалаю Радзівілу Чорнаму (таму самому ўладальніку Нясвіжскага палаца). Доўгія гады Манькавічы заставалсь адным з дзясяткаў маёнткаў Радзівілаў без сядзібы, пакуль у 1885 годзе не пачалося будаўніцтва сапраўднага палаца. Так-так, аказваецца што ў сённяшнім Століне мог быць свой палац Радзівілаў, але гісторыя распарадзілася інакш.
Адна з прычын будаўніцтва сядзібы ў Манькавічах - гэта жаданне Радзівілаў сумленна падзяліць свае землі перад усімі нашчадкамі. Так бліжэй да канца 19 стагоддзі, Марыя Даротэ дэ Кастэлян-Радзівіл выбрала Манькавіцкі маёнтак з маляўнічым размяшчэннем на беразе ракі Гарынь для будучага палаца.
Да 1905 года завяршыліся асноўныя работы па ўзвядзенні кампактнай барочнай рэзідэнцыі. Галоўнай дамінантай якой стала высокая чатырохпавярховая вежа з гадзіннікам. Акрамя дэкаратыўнай функцыі, яна выконвала таксама практычную - з'яўлялася воданапорнай. Па чутках, трубы якія вялі ад яе да свідравіны засталіся ў зямлі і сёння.
Сам палац быў Г-вобразнай формы і складаўся з некалькіх 2-павярховых карпусоў. У цэнтральнай частцы будынка, на стыку флігеля і вежы, знаходзіўся арачны праезд ва ўнутраны дворык.
Першыя нягоды палац у Століне спазнаў яшчэ падчас вайны 1914 года. Наступствы гэтых разбурэнняў, тагачасны ўладальнік Караль Радзівіл, здолеў аднавіць толькі да 1922 году. Пры ім сядзіба Манькавічы стала паляўнічай рэзідэнцыяй, куды асабліва любілі прыязджаць графскія госці.
Пасля таго як Столін у 1939 годзе ўвайшоў у склад БССР, палац нацыяналізавалі, а Радзівілаў адправілі ў ссылку на край Расіі. Падчас вайны частка старадаўняга парка і амаль увесь палацавы комплекс былі знішчаны.
Нямецкія салдаты нават вывезлі вароты ад уязной брамы. Адзіны напамін пра тое, што ў парку Манькавічы калісьці стаяў палац - гэта закладны камень.
Яго ўстанавіў яшчэ Станіслаў Радзівіл у знак удзячнасці маці, якая і задумала будаўніцтва палаца. Нажаль на камені даволі дрэнна чытаюцца надпісы.
Знайсці месца дзе стаяла сядзіба Радзівілаў не так і складана, арыенцір - стары дуб да якога вядзе алея.
На тэрыторыі паркавага комплексу працуе невялікі музей.
Кропка з месцазнаходжаннем парка на мапе:
Калі будзеце ў гэтых краях, то раю паглядзець закінутую сядзібу Алешаў у Новаберажным.