Па суседстве з руінамі замка Сапегаў у пачатку 19 стагоддзя быў закладзены палац, які з часам стане дамінантай парка ў Высокім. Новы сядзібны комплекс будаваўся на замову Пелагеі Патоцкай, жонкі князя Паўла Сапегі.
Палац у горадзе Высокае – узор класічнай архітэктуры, па форме прамавугольны, сіметрычны. Галоўны ўваход упрыгожаны масіўным порцікам на чатырох калонах.
Пасля 1939 года сядзіба нацыяналізавана і канфіскавана. У савецкі час на тэрыторыі маёнтка знаходзілася школа-інтэрнат (дзейнічае і сёння, але як санаторная школа). Побач з палацам у 60-ыя ўзвялі асноўны цагляны корпус, а будынак самой сядзібы прыстасавалі пад спальныя пакоі для дзяўчынак. Да пачатку 90-ых пабудову палаца ўжо амаль не выкарыстоўвалі, толькі для складскіх мэт.
Увагі вартыя і афіцыны, якія размяшчаюцца паабапал ад палаца. Па форме яны "Т"-вобразныя, як і сама сядзіба, – аднапавярховыя. Звярніце ўвагу на кантавы фасад, упрыгожаны шасцю паўкалонамі.
На верхнім фота - левая афіцына, правая амаль цалкам разбурана.
Большая частка маёнтка Патоцкіх - гэта парк, разбіты вакол палаца. Марыя Патоцкая, адна з апошніх уласніц, была нават узнагароджана прэміяй Парыжскай сельскагаспадарчай выставы за развіццё гэтага паркавага комплексу.
Парк часткова захаваўся да нашых дзён, уцалеў нават шпацырачны маршрут вядучай да брамы і аранжарэі. Па шляху можна ўбачыць старыя гаспадарчыя пабудовы, а таксама службовыя карпусы.
З 90-ых будынак пуставаў, але ў пэўнай ступені дагледжаны. У 2013 годзе былую сядзібу Сапегаў-Патоцкіх прадалі на аўкцыёне. Новы ўласнік планаваў арганізаваць у Высокім турыстычны цэнтр з гатэлем і рэстаранам, але на жаль рэалізаваць праект не ўдалося.
З 2020 года аб'ект ізноў спрабуюць прадаць. Сама пабудова знаходзіцца за высокім плотам і ахоўваецца вартаўнічымі сабакамі, таму разгледзець сядзібу толкам не выйдзе.
У горадзе Высокае захаваўся старажытны Траецкі касцёл 18 стагоддзя і былы манастыр баніфратаў. Таксама пры магчымасці адпраўляйцеся паглядзець Камянецкую вежу - адну з галоўных славутасцяў рэгіёну.